Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўлены лагатып і дэвіз візіту Папы Францішка ў Албанію
12.08.2014 12:36

Прадстаўлены лагатып візіту Папы Францішка ў Тырану (Албанія), які адбудзецца 21 верасня 2014 г. У яго аснове знаходзіцца стылізаваная выява чалавека, які ўздымаецца з крыві і ўзносіць у вышыню рукі, у адной з якіх трымае крыж. Над выявай чалавека змешчаны дэвіз “Разам з Богам да надзеі, якая не расчаруе”, у якім акцэнт зроблены на слове “разам”, што прадугледжвае заклік да супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі на карысць адраджэння краіны.

Гэты вобраз павінен сімвалізаваць “хрысціянскі народ, які паўстае з крыві мучанікаў і працягвае крочыць з крыжам, у якасці штандара”. Лагатып мае асаблівае значэнне ў кантэксце падарожжа Пантыфіка ў Албанію, бо менавіта ў гэтай краіне камуністычнымі ўладамі здзяйсняўся адзін з самых жорсткіх пераследаў хрысціян у Еўропе ў мінулым стагоддзі. Кроў на выяве сімвалізуе ахвяру, сведчанне і боль, не толькі святых, але і ўсіх людзей: веруючых і няверуючых, якія пакутавалі ад рэпрэсій, растлумачыў Альберт Нікола, каардынатар падарожжа Святога Айца ў Албанію.

Альберт Нікола распавёў, што падрыхтоўка да першага “еўрапейскага” падарожжа Папы Францішка ўжо ідзе дзякуючы актыўнаму ўдзелу соцен валанцёраў з усёй Албаніі. Каардынатар пілігрымкі Святога Айца адзначыў, што мясцовыя ўлады таксама прыкладаюць усе намаганні, каб візіт прайшоў найлепшым чынам, і спецыяльна для гэтай мэты стварылі адпаведную камісію.

Падчас аднадзённага падарожжа ў Албанію Пантыфік здзейсніць візіт да Прэзідэнта краіны, сустрэнецца з прадстаўнікамі ўладаў, узначаліць святую Імшу на плошчы імя Маці Тэрэзы, сустрэнецца з мясцовым епіскапатам, лідарамі іншых рэлігій і канфесій, дзецьмі, правядзе малітву Нешпараў з духавенствам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.