Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Паўднёвым Судане забаранілі вяшчанне каталіцкага радыё
02.09.2014 12:56

Каталіцкае радыё Бахіта (Bakhita) у Джубе не можа працягваць вяшчанне. 16 жніўня яго забаранілі ўлады Паўднёвага Судану, калі на радыё быў пададзены пункт гледжання ўзброенай апазіцыі. Дэвід Ніколяс, галоўны рэдактар радыёвяшчальнай станцыі, які вёў адну з праграм, быў пасаджаны ў турму.

Аб гэтым паведамляецца на польскамоўнай версіі каталіцкага інфармацыйнага агенцтва.

Дырэктар радыё Альбіно Токваро тлумачыць, што «віна» заключалася ў тым, што да афіцыйнага паведамлення арміі наконт узброеных сутычак у ваколіцах горада Бэнт'ю была далучана заява паўстанцаў, якая раней была апублікавана на інтэрнэт-старонцы газеты «Sudan Tribune». Гэты факт быў ацэнены ўладамі як супрацоўніцтва Дэвіда Ніколяса з паўстанцамі.

Для таго, каб радыё магло аднавіць сваю працу, яно павінна выканаць умовы ўладаў, якія заключаюцца ў адмаўленні даваць праграмы палітычнага характару.

Альбіно Токваро тлумачыць, што радыёстанцыя заўсёды давала магчымасць выказвацца наконт усяго, а ў ранішняй праграме „Wakeup Juba” ўдзельнічалі прадстаўнікі ўрада. Аднак палітычныя каментары не з'яўляліся асноўным зместам радыёпраграмы.

«Канешне, у нас ёсць рэлігійныя праграмы, а таксама пра гаспадарку, моладзь, грамадзянскае выхаванне, узаемаадносіны паміж рознымі этнічнымі групамі ў краіне. Толькі дзве праграмы датычыліся палітыкі», — удакладняе дырэктар радыёстанцыі, якая належыць да архідыяцэзіі Джуба.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.