Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прайшла сустрэча прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і В’етнама
11.09.2014 17:42

10-11 верасня 2014 г. у Ханоі адбылася чарговая, пятая працоўная сустрэча паміж прадстаўнікамі Апостальскай Сталіцы і В’етнама. Дэлегацыя Святога Пасаду ацаніла падтрымку, аказаную на ўсіх узроўнях кампетэнтным органам Каталіцкага Касцёла ў В’етнаме ў выкананні яго місіі, гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным па выніках сустрэчы.

Таксама былі адзначаны змены ў рэлігійнай палітыцы дзяржавы, зацверджаныя ў канстытуцыйных папраўках 2013 г. В’етнамская дзяржава спрасціла візіты ў краіну папскага прадстаўніка, арцыбіскупа Леапольда Джырэлі, адзначаецца ў дакуменце.

Апостальская Сталіца, са свайго боку, зноў пацвердзіла гатоўнасць спрыяць устанаўленню дыпламатычных адносінаў з В’етнамам, і разам з мясцовым Касцёлам жадае садзейнічаць актыўнаму развіццю сфер аховы здароўя, адукацыі, дабрачыннасці. В’етнамскі бок выказаўся на карысць абароны рэлігійнай свабоды грамадзян і падтрымкі дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Адзначаецца таксама, што Папа Францішак з цікавасцю назірае за развіццём адносін паміж Апостальскай Сталіцай і В’етнамам і заклікае мясцовых католікаў надалей спрыяць найвышэйшым мэтам дзяржавы. Бакі дамовіліся працягваць дыялог і кантакты, ствараючы з часам спрыяльныя ўмовы для місіі папскага прадстаўніка.

Наступная, шостая сустрэча прадстаўнікоў Апостальскай Сталіцы і В’етнама пройдзе ў Ватыкане. Час яе правядзення будзе ўстаноўлены па дыпламатычных каналах.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.