Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пра будучы візіт Папы ў Шры-Ланку распавёў арцыбіскуп Каломба
16.09.2014 13:52

“Заставайцеся ў Маёй любові” – гэтыя словы з Евангелля паводле Яна будуць дэвізам падарожжа Папы Францішка ў Шры-Ланку, якое адбудзецца 13-15 студзеня 2015 г., распавёў агенцтву “Fides” арцыбіскуп Каломба кардынал Малькольм Ранжыт. Па словах іерарха, Пантыфік кожным сваім словам і жэстам заклікае заставацца ў любові Бога і несці яе бліжнім.

“Мы вельмі рады будучай прысутнасці Святога Айца на нашай зямлі. Гэта вялікі гонар і падтрымка для Касцёла ў Шры-Ланцы. Падрыхтоўка да візіту працягваецца без перашкодаў, як на духоўным узроўні, так і на арганізацыйным. Мы чакаем яго з радасцю і сустрэнем як найдаражэйшага госця”, - сказаў кардынал.

Іерарх паведаміў, што адной з цэнтральных тэмаў візіту Папы Францішка будзе прымірэнне, бо з 1983 г. па 2009 г. у краіне трывала грамадзянская вайна, якая ўнесла каля 80 тысяч жыццяў. “У Шры-Ланцы мы перажываем перыяд, калі Касцёл пакліканы быць носьбітам паслання супакою, любові і згоды”, - сказаў кардынал, дадаўшы, што запланаваны візіт Святога Айца ў марыйны санктуарый у Мадху на тэрыторыі, населенай аднымі з удзельнікаў братазабойчага канфлікту – таміламі, – жадае падкрэсліць менавіта неабходнасць прымірэння. “Мы прайшлі і перажылі сумную эпоху, пазначаную вайной. Зараз спрабуем залячыць раны і аднавіць дух братэрства і мірнага суіснавання. Гэты шлях нялёгкі і поўны перашкодаў, але прысутнасць Папы будзе моцным стымулам, каб працягваць ісці шляхам прымірэння”, - сказаў кардынал Ранжыт.

Іерарх выказаў спадзяванне, што падчас візіту Святога Айца на востраў адбудзецца кананізацыя благаслаўлёнага місіянера Джозэфа Ваза – “стаўпа Касцёла ў Шры-Ланцы”, дзякуючы дбайнай працы якога мясцовыя каталіцкія супольнасці перажылі цяжкі перыяд пераследу.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.