Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Польшчы пачынае працу семінарыя «35+» |
25.09.2014 09:24 |
Кандыдатам у семінарыю «35+», якая распачынае сваю дзейнасць у Польшчы, можа быць кожны нежанаты мужчына, а таксама ўдавец. Пра гэта паведамляе польскае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва. Да 27 верасня ў Кракаве працягваецца прыём дакументаў у Агульнапольскую семінарыю для кандыдатаў старэйшага ўзросту. Агульнапольская семінарыя для кандыдатаў старэйшага ўзросту паўстала дзякуючы рашэнню Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы. Кангрэгацыя па справах Духавенства ў верасні 2014 г. зацвердзіла эксперыментальны статут гэтай навучальнай установы на тры гады. Рашэнне аб заснаванні такой семінарыі паўстала з таго, што колькасць мужчын старэйшага ўзросту, якія жадаюць быць святарамі, узрасла. Менавіта таму мэта гэтай навучальнай установы — падрыхтоўка да сакрамэнту святарства кандыдатаў, якія, беручы пад увагу іх узрост, патрабуюць асаблівай фармацыі. Мужчыны, якія паступаюць у семінарыю, павінны прадаставіць дакумент аб адукацыі і накіраванне ад біскупа дыяцэзіі, з якой яны паходзяць. Калі асоба раней была ў шлюбе, то павінен быць прадстаўлены дакумент аб спыненні шлюбу: пасведчанне аб смерці жонкі або дакумент, які пацвярджае несапраўднасць шлюбу. Згодна са статутам асабліва пільнай увазе падлягаюць кандыдаты, якія маюць дзяцей, атрымалі дакумент, які пацвярджае несапраўднасць шлюбу, былыя семінарысты і тыя, каму ўжо больш за 60 гадоў. Фармацыя ў семінарыі распачынаецца падрыхтоўчым годам, які служыць для распазнання паклікання і ўводзінаў у духоўную фармацыю. Потым духоўная фармацыя доўжыцца 5 гадоў. Перад прэзбітэрскім пасвячэннем семінарысты павінны здаць экзамен па тэалогіі, якую разам з філасофіяй вывучаюць у кракаўскім Папскім універсітэце імя Яна Паўла ІІ. У адрозненне ад маладзейшых семінарыстаў яны не павінны здаваць дыпломную працу і атрымліваць ступень магістра тэалогіі. (AYU) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.