Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сумленне журналіста абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала ў Маскве |
02.10.2014 17:18 |
«Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі не могуць захоўваць нейтральную пазіцыю пры асвятленні тых ці іншых падзеяў, але могуць працаваць паводле сумлення», — такую думку выказалі ўдзельнікі круглага стала «Інфармацыйная прастора: асвятленне рэлігійных і свецкіх падзей» у Маскве, які прайшоў 1 кастрычніка. «Галоўны маральны крытэрый ацэнкі ўчынку іншага чалавека — у тым ліку, журналісцкіх публікацый і асвятлення якіх-небудзь падзей — гэта крытэрый мэты. Калі мэта — насаджэнне нянавісці, то такія ўчынкі ніколі не могуць быць апраўданыя. Ні пры якіх абставінах мы не можам прапагандаваць нянавісць», — сказаў генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Расіі кс. Ігар Кавалеўскі. Паводле яго слоў, мэта ніколі не апраўдвае сродкі, журналіст павінен дзейнічаць паводле сумлення і праўдзіва асвятляць тое, што адбываецца. Святар адзначыў, што сучасны чалавек «ператвараецца ў малпу», пра што сведчыць нянавісць, несправядлівасць і заўчасная хлусня пры асвятленні тых ці іншых падзеяў. Загадчыца кафедры журналістыкі і PR Расійскага праваслаўнага ўніверсітэта Алена Жосул у сваю чаргу нагадала, што нейтральнай пазіцыі ў інфармацыйнай прасторы не існуе ў прынцыпе, так як любы журналіст асвятляе падзеі ў інтарэсах свайго СМІ і сваёй краіны. «Але далёка не заўсёды журналіст, які асвятляе ваенны канфлікт, ператвараецца ў прапагандыста, — заявіла Жосул — Рэалізоўваць ў сваёй дзейнасці інтарэсы той краіны, якой ты сімпатызуеш, і быць прапагандыстам — гэта розныя рэчы. Зусім не абавязкова займацца здагадкамі і выдумкамі», — заключыла Жосул, падкрэсліўшы, што ў кожным канкрэтным выпадку дзейнасць журналіста — пытанне яго сумлення і асабістай адказнасці. Паводле ria.ru, (AYU) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.