Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каля 100 тысяч пілігрымаў з Усходу могуць трапіць на Сусветны дзень моладзі ў Кракаў
09.10.2014 11:46

Каля 100 тыс. маладых пілігрымаў з Усходу змогуць паўдзельнічаць у Сусветным дні моладзі-2016 у Кракаве, дзякуючы фінансавай падрымцы валанцёрскай акцыі «Білет для брата», паведамляе польскае каталіцкае агенцтва, спасылаючыся на інтэрв’ю з кс. Гжэгажам Сухадольскім, выканаўчым дырэктарам па арганізацыі Сусветнага дня моладзі-2016, якое ён даваў для Radia Plus Radom.

«Мы дасягнулі адной з першых мэтаў — ажыўлення моладзі, каб у сваіх дыяцэзіях, парафіях яна арганізоўвалася ў групы, гаварыла пра СДМ, запрашала вернікаў да матэрыяльнай падтрымкі. На дадзены момант мы не кажам пра вялікія грашовыя сумы, якія папаўняюць рахунак акцыі. Толькі чарговы этап павінен прынесці рэалізацыю канкрэтных праектаў, якія перанясуцца на матэрыяльную сферу. Трэба памятаць, што «сумка» пілігрыма на 12 дзён будзе каштаваць каля тысячы злотых. Я спадзяюся, што «Білет для брата» будзе развівацца надалей. Я разлічваю на ўдзел усяго Касцёла ў Польшчы», — сказаў кс. Гжэгаж Сухадольскі.

Акцыя «Білет для брата» — гэта ідэя, якой на заклік біскупаў аб дапамозе для маладых пілігрымаў адказалі польскія валанцёры. Праект будзе доўжыцца да 30 чэрвеня 2016 года. На фінансавую падтрымку прабывання ў Польшчы можа разлічваць моладзь з Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кіргізстана, Літвы, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.