Пакістанская каталічка Асія Бібі, асуджаная на пакаранне смерцю паводле закона аб блюзнерстве, напісала ўмольны ліст Папу Францішку. “Ойча Францішку, гэта я, твая дачка, Асія Бібі. Прашу цябе: маліся за мяне, маліся за маё выратаванне і вызваленне. У гэты момант я магу толькі даверыць сябе Усемагутнаму Богу”, - гаворыцца ў лісце.
У час, які з’яўляецца вырашальным для яе жыцця, яна адзначыла: “Я цэлы час моцна трымаюся хрысціянскай веры і ўся мая надзея ў Богу, маім Айцу, які мяне абароніць і верне свабоду. Я спадзяюся таксама і на цябе, Святы Ойча Францішку, і на твае малітвы”, - напісала Асія Бібі.
Пакістанская каталічка адзначыла ў лісце, што яе самая вялікая мара - вярнуцца да сям’і. Яна дзякуе шматлікім хрысціянскім супольнасцям з усяго свету за малітвы ў яе інтэнцыі, а таксама за канкрэтныя намаганні, якія ўздымаліся з мэтай яе вызвалення. “Няхай Бог дасць святло і мудрасць усім тым, хто хадайнічае ў маёй справе”, - напісала яна.
Асія Бібі была арыштавана ў 2009 г. паводле спрэчнага закона аб блюзнерстве і прыгаворана да пакарання смерцю. Яе абвінавацілі ў непаважлівых выказваннях у адрас прарока Мухамеда. На мінулым тыдні апеляцыйны суд у Лахоры падтрымаў гэты прыгавор. Адвакаты зняволенай будуць звяртацца да Вярхоўнага суда, найвышэйшай інстанцыі судовай сістэмы Пакістана, за ануляваннем прыгавору. Раней у абарону Асіі Бібі выступіў Папа Бэнэдыкт ХVI, які запэўніў жанчыну і яе блізкіх у сваёй духоўнай блізкасці і малітве, каб “як мага хутчэй ёй была вернута поўная свабода”.
Вызвалення Асіі Бібі намагаліся губернатар пакістанскага штата Пенджаб Сальман Тасер і міністр па справах рэлігійных меншасцяў Шахбаз Бхаці. Абодва за сваю дзейнасць былі забіты экстрэмістамі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|