У Францыі пачалася дыскусія наконт уводу платы за ўваход у святыні, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў французскіх і замежных турыстаў. Гэта пытанне было паднята на апошнім сходзе з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры і камунікацыі рэспублікі і Цэнтра нацыянальных помнікаў.
Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на парыжскую газету «Фігара».
«Чаму б не зрабіць уваход платным, пры гэтым гарантуючы, што выкананне рэлігійных абрадаў застанецца бясплатным», — цытуе выданне аднаго з удзельнікаў сустрэчы, не называючы яго імя.
На думку прыхільнікаў такой ідэі, падобным чынам улады маглі б сабраць сродкі, неабходныя для ўтрымання ўсіх 77 буйных французскіх сабораў, і забяспечыць захаванне прадметаў мастацтва, якія ў іх захоўваюцца. У цэлым, як адзначае «Фігара», урад краіны не прыняў канчатковага рашэння па гэтым пытанні, якое можа прывесці да расколу ў грамадстве.
Газета лічыць, што ідэя выглядае заманлівай, калі ўлічваць, што знакаміты Нотр-Дам-дэ-Пары штогод наведваюць амаль 14 мільёнаў турыстаў. «Людзі збольшага з павагай ставяцца да вядомага ім сакральнага месца, яны здымаюць галаўныя ўборы, размаўляюць ціха, — адзначаюць у прэс-службе сабора Парыжскай Божай Маці. — Аднак многія заходзяць як у госці або забягаюць мімаходам».
У правінцыйных цэнтрах касцёлы карыстаюцца меншай папулярнасцю. У прыватнасці, паглядзець на Страсбургскі сабор знутры — самы высокі ў Францыі — за год прыходзіць да 4 мільёнаў чалавек.
«Гэта неверагодны падлік. Лічбы не адлюстроўваюць розніцу паміж тымі, хто прыходзіць адзін раз, і тымі, хто бывае там амаль штодзённа. Платны ўваход аўтаматычна прыводзіць да зніжэння наведвальнасці», — адзначыў канонік Бернар Ксіба газеце «Дэрньер нувель д’Альзас».
Плата за ўваход у касцёлы з рэліквіямі
Плата за ўваход у некаторых французскіх саборах тым не менш ужо ўведзена. Гаворка ідзе пра касцёлы, у якіх захоўваюцца рэліквіі святых. Квіток у такія касцёлы каштуе каля 4 еўра.
Як паказвае вопыт суседніх з Францыяй краін, увядзенне платы за ўваход у касцёл сведчыць пра нізкі ўзровень даходаў дзяржавы ва ўмовах фінансавага крызісу. У большасці сабораў Італіі, Іспаніі і Партугаліі ўваходныя квіткі ўжо прадаюць.
Адзначаецца таксама, што з 1905 года ў Францыі дзейнічае закон аб раздзяленні Касцёла і дзяржавы, а ўвядзенне платнага ўваходу ў рэлігійныя ўстановы фактычна стане прамым яго парушэннем.
Паводле БЕЛТА
|