Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Католікі Мексікі пратэставалі супраць злачынстваў улады
25.11.2014 18:34

Сотні католікаў пратэставалі на вуліцах Мехіка супраць беспакаранага гвалту, патрабуючы тлумачэнняў аб знікненні 43 студэнтаў у горадзе Ігуале, якія у пачатку верасня 2014 года планавалі зладзіць забастоўку супраць рэформы адукацыі.

Нагодай да выступленняў вернікаў стала свята Хрыста Валадара, якое ў гэтым годзе супала з літургічным успамінам бл. Мігеля Хуарэса Про, айца езуіта, які памёр ў 1927 годзе ад рук атэістычных улад са словамі на вуснах: «Няхай жыве Хрыстос Валадар!».

Праз заступніцтва мучаніка ўдзельнікі пратэсту прасілі аб міры і справядлівасці для Мексікі. Пра гэта паведамляе Польская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Дэманстрацыя праходзіла па вуліцах горада, распачаўшыся з месца расстрэлу айца Мігеля Про. Дэманстранты маліліся за ахвяр гвалту і патрабавалі тлумачэння абставін і прычын знікнення студэнтаў. Існуе абгрунтаванае падазрэнне, што за гэтым злачынствам стаіць мэр горада Ігуалі, менавіта таму сярод заклікаў удзельнікаў былі патрабаванні аб вяршынстве закона і адказнасці улад.

Даведка: Мігель Аўгустын Хуарэс Про — святар езуіт, мучанік з Мексікі.

Будучы святаром, актыўна займаўся палітычнай дзейнасцю. У 1926 годзе, калі ў Мексіцы распачаўся канфлікт паміж антыклерыкальным урадам і Касцёлам і адбываліся ганенні на хрысціян, ён актыўна займаўся пастырскай дзейнасцю: таемна адпраўляў святыя Імшы для вернікаў, дапамагаў сем’ям паўстанцаў, якія змагаліся за правы Касцёла, адкрыта выступаў супраць дзеянняў урада.

13 лістапада 1927 года Ліга абароны рэлігійнай свабоды зрабіла замах на кандыдата ў прэзідэнты Альваро Абрэгона. Мігель Аўгустын і яго браты Рабэрта і Умбэрта былі абвінавачаны ў саўдзеле і арыштаваны. Намаганнямі дыпламатычнага корпуса ад смяротнага пакарання быў уратаваны толькі Рабэрта, а Мігель і Умбэрта былі растраляны 23 лістапада 1927 года.

25 верасня 1988 года Папа Ян Павел ІІ абвясціў айца Мігеля Про благаслаўлёным, а дзень яго смерці — 23 лістапада — днём успаміну благаслаўлёнага.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.