Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У шахтах польскай Вялічкі асвечана капліца імя св. Яна Паўла ІІ |
26.11.2014 14:52 |
21 лістапада ў музеі шахтаў па здабычы солі ў Вялічцы каля Кракава ў адрэстаўраванай зале экспазіцыі музея пабудавалі капліцу імя св. Яна Паўла ІІ. Яе асвяціў кардынал Станіслаў Дзівіш. Пра гэта паведамляецца на афіцыйнай старонцы музея. Абразы і скульптуры з апошніх і ўжо неіснуючых капліц знаходзяцца на выстаўцы «Сакрум у саляной спадчыне» ў экспазіцыі музея на трэцім узроўні шахты. Як падкрэслівае дырэктар музея прафесар Антоні Ядлоўскі, адкрытая капліца імя св. Яна Паўла ІІ прадстаўляе дэкор ХХІ стагоддзя — гэта сучасны дызайн з выкарыстаннем мультымедыйных тэхналогій. Асноўнае аздабленне святыні складаюць тры скульптуры — саляныя постаці, якія ствараюць уражанне палёту над зямлёю. Першая складае алтар, другая з’яўляецца элементам кампазіцыі, трэцяя ўстаноўлена вертыкальна ў выглядзе салянога блока, які складаецца з чатырох рухомых частак, што пасля разыходжання ствараюць светлы крыж. Улічваючы асаблівасці матэрыялу — каменнай солі — і яе растварэнне пад уздзеяннем вільготнага паветра, гэтыя фігуры выраблены са спецыяльнага матэрыялу, які імітуе каменную соль. З’яўленне светлавога крыжа ўяўляе сабой кульмінацыйны момант мультымедыйнага спектакля «На пачатку было слова» (паводле Евангелля св. Яна). Кожны прысутны можа дзякуючы спецыяльнай анімацыі, прадстаўленай на шырофарматным экране, паслухаць фрагменты з гаміліі Папы. Мультымедыйная інсталяцыя складаецца з галаграфічных праекцый, відэафрагментаў з папскіх пілігрымак, фрагментаў гамілій з усяго свету, якія можна пачуць у шасці моўных версіях. Апекуном капліцы з’яўляецца святы Ян Павел ІІ, для якога свет «людзей працы» быў вельмі блізкі. Менавіта таму ён часта падымаў пытанне годнага стаўлення да працаўнікоў і годнай аплаты іх працы ў сваіх гаміліях і разважаннях. Караль Вайтыла наведваў Вялічку тройчы: у 1930, 1936 годзе, а таксама будучы кардыналам у 1971 годзе. Адкрытая святыня, прысвечаная памяці св. Яна Паўла ІІ, будзе ўключана ў шлях пілігрыма «Szczęść Boże». Аўтарам інтэр’ера і мультымедыйнага афармлення з’яўляецца Аляксандр Яніцкі, тэхнічнай апрацоўкі — Мацей Дзядовец. Аўтар фота Артур Гжыбоўскі. (AYU) |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.