Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Касцёл і англійская паліцыя аб’ядналіся супраць гандлю людзьмі
04.12.2014 16:12

5-6 снежня ў Лондане пройдзе ІІ Міжнародная канферэнцыя на тэму барацьбы з гандлем людзьмі, у якой прымуць удзел члены так званай «Групы св. Марты» — аб’яднання афіцэраў паліцыі, экспертаў і духавенства з розных краін свету, задзейнічаных у барацьбе з сучасным рабствам.

Яны абмяркуюць супольную стратэгію супрацьдзеяння гэтаму феномену і магчымасці аказання дапамогі яго ахвярам і іх рэінтэграцыі ў грамадства.

Ініцыятарам форуму выступіла Канферэнцыя Біскупаў Англіі і Уэльса, лонданская паліцыя і дэпартамент ураду Вялікабрытаніі, адказны за міграцыйны кантроль, бяспеку і парадак.

«Група св. Марты» абавязана сваёй назвай аднайменнаму дому ў Ватыкане, дзе сёння пражывае Папа Францішак. Тут у красавіку 2014 года праходзіла сустрэча з Пантыфікам удзельнікаў Міжнароднай канферэнцыі на тэму барацьбы з гандлем людзьмі. Тады Папа Францішак назваў гандаль людзьмі і рабства «адкрытымі ранамі на целе сучаснага грамадства» і «злачынствамі супраць чалавечнасці».

Паводле ацэнак Міжнароднай арганізацыі працы, гадавы прыбытак рынку «сучаснага рабства» складае 32 млрд. долараў. Амаль 2,5 млн. чалавек ва ўсім свеце ўжо сталі ахвярамі гандлю людзьмі.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.