У Кракаве распачаўся працэс па беатыфікацыі езуіта Пятра Скаргі SJ. Гістарычная і тэалагічная камісіі будуць даследаваць сабраныя матэрыялы на тэму Слугі Божага. Пра гэта паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва Польшчы.
Як адзначыў кардынал Станіслаў Дзівіш, вядомы езуіт займае пачэснае месца не толькі ў гісторыі Польшчы, але і ў сучаснасці: яго жыццё і дзейнасць заахвочваюць нас да разважанняў над сучасным і будучым. Іерарх таксама выказаў надзею, што ўзнясенне святара да хвалы алтара ўзмоцніць веру, паглыбіць надзею і яшчэ больш павялічыць любоў да Бога, Касцёла і Айчыны.
Пётр Скарга, рэлігійны і палітычны дзеяч часоў Рэчы Паспалітай, наколькі блізкім з’яўляецца для палякаў, настолькі і для беларусаў: дзейнасць яго цесна звязана з Вільняй, Полацкам.
Заснаваўшы ў 1579 годзе Віленскую езуіцкаю акадэмію, ён стаў яе першым рэктарам. У 1582 годзе ён арганізаваў Полацкі езуіцкі калегіум і таксама з’яўляўся яго рэктарам.
Пётр Скарга вядомы тым, што вёў актыўную барацьбу супраць дысідэнтаў, а, дзякуючы свайму аратарскаму таленту, перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Гэта дзякуючы яму або пад яго ўплывам вядомы і актыўны прыхільнік кальвінізму Мікалай Крыштаф Радзівіл (Сіротка) вярнуўся ў каталіцызм.
Таксама менавіта Пётр Скарга з’яўляўся ініцыятарам і прапагандыстам Брэсцкай уніі 1596 года, ідэю якой абгрунтоўваў патрэбай умацавання духоўнага адзінства Рэчы Паспалітай.
Дальнабачны езуіт яшчэ задоўга да падзелаў, якія знішчылі з карты Еўропы Рэч Паспалітую, папярэджваў сваіх тагачаснікаў аб небяспеках, якія яе чакаюць, за што пазней і быў празваны «вешчуном» ды «прарокам».
(AYU)
|