Адышоў у вечнасць арцыбіскуп Джузэпэ Піттаў, былы сакратар Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі |
29.12.2014 12:43 |
26 снежня ў Токіа (Японія) ва ўзросце 86 гадоў адышоў у вечнасць італьянскі езуіт арцыбіскуп Джузэпэ Піттаў, былы сакратар Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Іерарх быў рэктарам Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта, а таксама канцлерам Папскай Акадэміі навук. Арцыбіскуп займаў шматлікія важныя пасады ў Ордэне езуітаў. Амаль 30 гадоў вёў місіянерскую дзейнасць у Японіі, за што імператар Хірахіта прысудзіў яму адну з самых прэстыжных узнагарод сваёй краіны – Ордэн Узыходзячага сонца, як «сведчанне падзякі, павагі і любові, якія Японія мае да гэтага законніка і выдатнага навукоўца, які сваёй працай унёс вялікі ўклад у культуру маладых японцаў, якія мелі гонар быць яго вучнямі». Спачувальную тэлеграму на імя генерала Таварыства Езуса а. Адольфа Нікаласа скіраваў Папа Францішак. Пантыфік назваў памерлага арцыбіскупа «годным да наследавання Божым слугою, які жыў справаю Евангелля». Святы Айцец узгадаў «яго поўнае шчырасці місіянерскае апостальства ў Японіі». Папа выказаў іерарху падзяку за адданае служэнне Апостальскай Сталіцы і Ордэну езуітаў. (AG) |