У Расіі ўпершыню пакаралі СМІ за публікацыю рэлігійнай карыкатуры |
22.01.2015 11:55 |
Федэральная служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляд) накіравала папярэджанне інтэрнэт-парталу «Рэспубліка» за публікацыю карыкатуры на рэлігійную тэматыку.
Пра гэта са спасылкай на «РИА Новости» паведамляе lenta.ru. «Карыкатура, апублікаваная ў “Рэспубліцы”, высмейвала рэлігійныя святыні адной з канфесій, — перадае словы прэс-сакратара Раскамнагляду Вадзіма Ампялонскага інфармагенцтва. — Згодна з законам аб супрацьдзеянні экстрэмісцкай дзейнасці, гэта расцэньваецца як распальванне розных відаў варожасці».
Гэта першы выпадак санкцый у адносінах да СМІ за падобную публікацыю. Ампялонскі заверыў, што такая практыка будзе працягнута. Паводле яго слоў, Раскамнагляд «уважліва адсочвае змест усіх СМІ».
7 студзеня 2015 года ў Парыжы адбыўся тэракт у рэдакцыі сатырычнага часопіса Charlie Hebdo, найбольш верагоднай прычынай якога стала публікацыя на вокладцы штотыднёвіка карыкатуры на прарока Мухамеда. Пасля трагедыі шэраг сусветных СМІ працягнулі друкаваць падобныя малюнкі.
«Распаўсюджванне ў СМІ карыкатур на рэлігійную тэматыку можа быць успрынята Раскамнаглядам зневажальным да прадстаўнікоў рэлігійных канфесій і аб’яднанняў, а таксама кваліфікавацца як распальванне нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, што з’яўляецца прамым парушэннем законаў», — адзначаецца на сайце ведамства.
У адпаведнасці з расійскім заканадаўствам Раскамнагляд можа вынесці два папярэджанні канкрэтнаму СМІ. Пасля другога ў СМІ можа быць адклікана ліцэнзія.
Інфармацыйна-аналітычны партал «Рэспубліка» заснаваны ў верасні 2008 года. Рэгістрацыю як СМІ на тэрыторыі Расіі партал атрымаў у сакавіку 2011 года. (IL)
|