Патрыярх Кірыл упершыню пракаментаваў тэракты ў Францыі |
26.01.2015 10:59 |
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у сваім першым публічным выступленні з нагоды падзей вакол нападу на французскі сатырычны часопіс Charlie Hebdo аб’яднаў адмову ад насілля з імкненнем асцярожна ставіцца да рэлігійных пачуццяў вернікаў. Пра гэта са спасылкай на «РИА Новости» паведамляе delfi.lt. Старшыня Рускай Праваслаўнай Царквы звярнуўся са словам да вернікаў у нядзелю падчас літургіі ў Дзень святой мучаніцы Таццяны. Паводле слоў старшыні РПЦ, кажучы «не» тэрарызму і забойствам, насіллю, Царква кажа таксама «не» нічым не вытлумачанаму імкненню пэўнай групы людзей здзеквацца з рэлігійных пачуццяў. Пры гэтым патрыярх асудзіў французскае сатырычнае выданне за публікацыю рэлігійных карыкатур. «Карыкатуры на прарока Мухамеда — гэта дзіцячы шарж у параўнанні з тым, што гэтае выданне дазволіла сабе зрабіць, “жартуючы” над пачуццямі хрысціян», — адзначыў ён. Паводле яго слоў, «тэракту няма апраўдання», аднак «не варта салідарызавацца з правакацыйным багахульствам і правакацыйным блюзнерствам або з абразай тых ці іншых асобаў». Парыжская рэдакцыя Charlie Hebdo, якая друкавала карыкатуры на прарока Мухамеда, была абстраляна 7 студзеня. Загінула дзесяць журналістаў і двое паліцэйскіх, якія ахоўвалі будынак. Пасля гэтага выйшаў яшчэ адзін нумар часопіса з карыкатурай на прарока. Выпуск разышоўся рэкордным для Францыі тыражом у сем мільёнаў экземпляраў. (IL) |