Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На пачатку вясны адбудзецца прэм’ера фільма пра Папу Пія XII
02.02.2015 13:34

2 сакавіка 2015 г., у дзень нараджэння і гадавіну абрання на Пасад св. Пятра Эўджэніо Пачэлі — Папы Пія XII — у Ватыкане адбудзецца сусветная прэм’ера мастацкага фільма «Цені праўды» (Shades of Truth), які развенчвае «чорную легенду» аб маўчанні Пантыфіка перад абліччам трагедыі Халакосту.

Стужка была знята на падставе аналізу дакументаў і сведчанняў яўрэяў, выратаваных дзякуючы заступніцтву і ініцыятывам Святога Айца. «Ён быў ватыканскім Шындлерам», — адзначыла рэжысёр фільма Ліяна Марабіні, словы якой прыводзіць L’Osservatore Romano. «Я даследвала і чытала ўсё, што было магчыма. Я прааналізавала сотні гістарычных крыніц, у Ватыкане і іншых месцах. Я сустракалася з асобамі, слухала і запісвала іх сведчанні. Я зняла, як яны — усе яўрэі — апавядаюць пра Пія XII са слязьмі на вачах», — распавяла Марабіні.

Рэжысёр стужкі падкрэсліла, што, вывучаючы дакументы, даведалася, як Пантыфік заахвочваў біскупаў аказваць яўрэям усебаковую дапамогу, ратаваць іх ад небяспекаў, у тым ліку даючы прытулак у касцёльных дамах і структурах, нават за ватыканскімі мурамі і ў сваёй летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа. Вынікам гэтай дзейнасці стала выратаванне амаль 800 тыс. чалавек.

Пасля ватыканскай прэм’еры фільм «Цені праўды» будзе паказаны ў кінатэатрах Італіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, ЗША, Аргенціны, Бразіліі, Аўстраліі, Іспаніі і Партугаліі. У сакавіку 2015 г. пройдзе яго паказ на Канскім кінафестывалі, а ў маі — у амерыканскай Філадэльфіі, з нагоды Сусветнай сустрэчы сем’яў. У адной з роляў у стужцы зняўся знакаміты амерыканскі акцёр Крыстафер Ламберт.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.