У Еўропе не толькі рэлігійныя меншасці, але і вернікі, якія належаць да рэлігійных групаў большасці, пакутуюць ад нецярпімасці і дыскрымінацыі па прыкмеце рэлігіі або рэлігійных перакананняў.
У сваёй Рэзалюцыі № 2036 (2015) Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) асудзіла гвалт супраць хрысціян і заклікала прыняць дадатковыя меры па «садзейнічанню мірнага суіснавання рэлігійных суполак у дзяржавах-сяброўках Рады Еўропы», паведамляе Інстытут рэлігійнай свабоды Украіны.
Дэбаты па гэтым пытанні адбыліся падчас сесіі ПАРЕ 29 студзеня 2015 г. на падставе дакладу Камітэта па пытаннях роўнасці і недыскрымінацыі, аўтарам якога быў дэпутат і епіскап Царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў Малдовы Валерый Гілецкі.
Паводле прыведзеных афіцыйных дадзеных, у Францыі 84 працэнты актаў вандалізму ў 2010 годзе былі накіраваны супраць хрысціянскіх рэлігійных пабудоў. У Швецыі праваахоўнікі за 2012 год зафіксавалі ў цэлым 785 антырэлігійных злачынстваў (651 у 2011 г.), з іх 200 (162 у 2011 г.) былі класіфікаваны як матываванае прадузятае стаўленне да хрысціян. Італьянскі даследчы цэнтр «Не хрысціянафобіі» заяўляў пра тое, што 2012 год быў горшым годам для свабоды рэлігіі ў Іспаніі, са шматлікімі выпадкамі нападаў на рэлігійныя святыні або духавенства.
Зусім нядаўна ў сваім дакладзе ў ліпені 2014 аб становішчы ў галіне правоў чалавека ва Украіне Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека паведаміла аб павелічэнні колькасці нападаў на пратэстанцкія і каталіцкія святыні ў раёнах Данбаса, якія кантралююцца ўзброенымі групоўкамі.
Пасля разгляду гэтага дакладу ПАРЕ адзначыла ў Рэзалюцыі: «Шматлікія акты варожасці, гвалту і вандалізму былі зафіксаваныя ў апошнія гады супраць хрысціян і іх месцаў адпраўлення культу, але гэтыя дзеянні часта застаюцца па-за ўвагай нацыянальных уладаў».
З мэтай прадухілення дыскрымінацыі і пераследу хрысціянаў Рэзалюцыя № 2036 (2015) заклікае ўрады дзяржаў заахвочваць да культуры талерантнасці і «жыцця разам» на аснове прыняцця рэлігійнага плюралізму і ўкладу рэлігій у дэмакратычнае і плюралістычнае грамадства, а таксама паважаць права асобных людзей не вызнаваць рэлігіі.
ПАСЕ заклікае садзейнічаць разумнаму прыстасаванню ў межах прынцыпу ўскоснай дыскрымінацыі, з тым каб:
— Адстойваць свабоду сумлення на працоўным месцы, забяспечваючы пры гэтым захаванне доступу да прадугледжаных законам паслуг і ахову права іншых быць свабоднымі ад дыскрымінацыі;
— Паважаць права бацькоў забяспечваць сваім дзецям адукацыю ў адпаведнасці са сваімі рэлігійнымі або філасофскімі перакананнямі, гарантуючы пры гэтым фундаментальнае права дзяцей на адукацыю ў крытычным і плюралістычным фармаце;
— Забяспечыць хрысціянам магчымасць у поўнай меры ўдзельнічаць у грамадскім жыцці.
У сваёй рэзалюцыі ПАРЕ таксама рэкамендуе краінам-удзельніцам Рады Еўропы:
— Абараніць мірнае ажыццяўленне права на свабоду сходаў, у прыватнасці шляхам прыняцця мер для забеспячэння таго, каб контр-дэманстрацыі не ўплывалі на права дэманстрацыі ў адпаведнасці з кіруючымі прынцыпамі ў дачыненні да свабоды сходаў;
— Адстойваць фундаментальнае права на свабоду выказвання свайго меркавання шляхам забеспячэння таго, каб нацыянальнае заканадаўства залішне не абмяжоўвала рэлігійна матываваныя выступы;
— Публічна асудзіць прымяненне і падбухторванне да гвалту, а таксама ўсе формы дыскрымінацыі і нецярпімасці на рэлігійнай глебе;
— Змагацца і прадухіляць выпадкі гвалту, дыскрымінацыі і нецярпімасці, у прыватнасці шляхам правядзення эфектыўных расследаванняў, каб пазбегнуць якога-небудзь пачуцця беспакаранасці сярод вінаватых;
— Заахвочваць сродкі масавай інфармацыі пазбягаць негатыўных стэрэатыпаў і забабонаў у дачыненні хрысціян, гэтак жа, як і для любой іншай групы;
— Забяспечыць абарону супольнасцяў, якія належаць да хрысціянскіх меншасцяў, і зрабіць магчымай рэгістрацыю такіх супольнасцяў як рэлігійных арганізацый.
Нагадаем, што Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца членам ПАРЕ, але з’яўляецца кандыдатам на ўступленне. Паводле irs.in.ua, risu.org.ua (AYU)
|