Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Оскар Рамэра будзе далучаны да ліку благаслаўлёных
06.02.2015 11:26

Хутка ў Каталіцкім Касцёле арцыбіскуп Сан-Сальвадора Оскар Арнульфа Рамэра-і-Гальдамес, забіты 35 гадоў таму ў час цэлебрацыі святой Імшы, будзе далучаны да ліку благаслаўлёных.

Папа Францішак падпісаў дэкрэт аб прызнанні яго мучаніцтва разам з дэкрэтам аб праслаўленні Слуг Божых Міхаіла Тамашака і Збігнева Стшалкоўскага, святароў з францішканскага ордэна Братоў Меншых, і дыяцэзіяльнага святара Алесандра Дордзі, забітых за веру ў Перу ў 1991 годзе.

У дэкрэце, падпісаным Папам, прызнаюцца таксама гераічныя цноты Слугі Божага італьянскага святара Джавані Бачыле (1880-1941).

Пастулатар працэсу беатыфікацыі Оскара Рамэра арцыбіскуп Вінчэнца Палья распавёў, што рашэнне аб беатыфікацыі Слугі Божага было адзінадушным і атрымала адабрэнне з боку як тэолагаў, так і кардыналаў. Асаблівы знак пастулатар бачыць у тым, што арцыбіскуп Оскар Рамэра будзе беатыфікаваны першым у гісторыі Папам-лацінаамерыканцам, «Папам, які просіць Касцёл быць бедным для бедных, а гэта менавіта тое, чым жыў Рамэра аж да праліцця крыві». Сальвадорскі святар, дадаў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, «з’яўляецца для нас сведкам любові, якая ў сваёй крайняй праяве, аддаючы жыццё, перамяняе свет і дае надзею. Ён заўсёды быў побач з самымі беднымі і слабымі, з людзьмі "напалову мёртвымі", прычым да такой ступені побач з імі, што памёр сам».

Працэс беатыфікацыі мансіньёра Рамэра быў доўгім і падрабязным, тлумачыць арцыбіскуп Вінчэнца Палья, і па волі Божай былі вырашаны ўсе праблемы і пераадолены ўсе супярэчнасці.

Пастулатор працэсу распавёў, што мансіньёр Оскар Рамэра быў «чалавекам малітвы, чалавекам Божым і чалавекам Касцёла, чалавекам Святога Пісання і глыбокіх традыцый, вернікам, які абраў жыццё сярод беднякоў, ведаючы, што Валадарства Божае, як казаў Езус, знаходзіцца між самых бедных і побач з імі. Гэтае вучэнне набліжае асобу Рамэра да многіх сучасных пакутнікаў і да Папы Францішка, які імкнецца ўсіх нас прыцягнуць на гэты шлях блізкасці і любові да найбяднейшых».

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья распавёў, як аднойчы арцыбіскупу Оскару Рамэра прапанавалі пакінуць на час сваю дыяцэзію па стане здароўя, на што той адказаў: «Пастыр павінен быць са сваім народам, асабліва калі народ прыгнечаны, і ён ніколі не ратуецца ўцёкамі, нават коштам жыцця».

 



 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.