Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікам СДМ-2016 паабяцалі візавыя спрашчэнні
26.02.2015 10:56

Выдача віз для ўдзельнікаў Сусветнага дня моладзі ў Кракаве можа быць значна спрошчана. Пра гэта стала вядома пасля сустрэчы гаспадара форуму кардынала Станіслава Дзівіша з міністрам замежных спраў Польшчы Гжэгажам Схетынай.

Пра гэта паведамляе беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Як інфармуе прэс-служба дыпламатычнага ведамства Польшчы, «суразмоўцы абмеркавалі магчымасць удзелу Міністэрства замежных спраў у мерапрыемстве, уключаючы папулярызацыю Сусветнага дня моладзі 2016 у свеце, у тым ліку праз польскія дыпламатычныя місіі. Міністр Гжэгаж Схетына таксама паабяцаў падтрымку з боку Міністэрства замежных спраў у спрашчэнні візавага рэжыму для ўдзельнікаў».

Яшчэ адным важным падрыхтоўчым крокам стала падпісанне трохбаковага пагаднення аб супрацоўніцтве ў межах СДМ-2016 паміж Малапольскім ваяводствам, горадам Кракавам і кардыналам Станіславам Дзівішам.

Цырымонія прайшла 25 лютага ў кракаўскай курыі. Бакі заявілі аб сваёй «агульнай волі арганізаваць гэтае вялікае свята маладых людзей з усяго свету» і «гатоўнасці дапамагчы».

«Мы выказваем нашу гатоўнасць дапамагчы ў арганізацыі гэтай важнай для Касцёла, горада і рэгіёну падзеі», — напісана ў прэамбуле дакумента.

Старт Сусветным дням моладзі быў дадзены ў 1985 г. святым Янам Паўлам II. Апошняя такога роду сустрэча прайшла пры ўдзеле Папы Францішка ў 2013 г. у Рыа-дэ-Жанейра. У ёй прынялі ўдзел каля 3,5 млн. чалавек. У Кракаве ў ліпені 2016 г. чакаецца каля 2 млн. удзельнікаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,(JLS)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.