Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Англія: Касцёл узрушаны стаўленнем урада да імігрантаў
04.03.2015 16:36

«Імігранты прыязджаюць у Вялікабрытанію, каб працаваць і ўдзельнічаць у жыцці грамадства, робячы вельмі пазітыўны ўклад. Без іх Лондан быў бы паралізаваны», — лічыць кардынал Вінцэнт Джэрард Нікалс. Таксама іерарх заявіў у інтэрв’ю для BBC, што яго хвалюе, што наконт праблемы іміграцыі гаворыцца ў перадвыбарных дэбатах гэтай краіны.

Падчас дыскусіі па гэтай тэме напярэдадні запланаваных на май выбараў прымас Англіі і Уэльса заклікаў, каб выбаршчыкі не забываліся, што імігранты - гэта таксама людзі.

Акрамя таго, іерарх узгадаў, што ў Англіі існуюць раёны беднасці. «Гэта проста жахліва, што ў такой багатай краіне яшчэ ёсць людзі, якія цалкам залежаць ад дабрачыннасці. Гэтыя аб’ектыўныя факты можна назіраць няўзброеным вокам. Праязджаючы праз краіну, даводзіцца сутыкацца са шматлікімі месцамі, дзе пануе беднасць і адначасова вялікія плошчы багацця. Такія адрозненні правакуюць сапраўдную напружанасць. Прыходзіцца назіраць, як людзі губляюць надзею», — сказаў кардынал Нікалс.

Арцыбіскуп Вэстмінстэра таксама нагадаў пра міжканфесійную напружанасць. Іерарх падкрэсліў, што ў брытанскім грамадстве ёсць месца для маладых, якія прытрымліваюцца ісламскай традыцыі. Часам, аднак, адсутнасць надзеі прымушае людзей знаходзіцца ў такім стане, пры якім яны дазваляюць сабой маніпуляваць.

«Я думаю, што кожная рэлігія заўсёды прыцягвае экстрэмізм. Такім чынам, рэлігійныя лідары абавязаны быць уважлівымі і забяспечыць, каб гэтыя экстрэмізмы не знайшлі месца ў прадстаўленні, адкрыцці і перажыванні веры», — падкрэсліў кардынал Нікалс.

Паводле wiara.pl, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.