Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выстава ікон у Львове заклікае да еднасці канфесій у малітве за Украіну
18.03.2015 15:39

17 сакавіка ў Львове прэзентавалі выставу графіка і іканапісца Міхаіла Скопы «Царква ваяўнічая». Калекцыя змяшчае каля 50 работ, якія былі напісаныя на працягу трох гадоў у стылі старажытнага сярэднявечнага ўкраінскага іканапісу. Экспазіцыя працягнецца да 29 сакавіка ў Львоўскім палацы мастацтваў.

Пра гэта паведамляецца на risu.org.ua.

Большасць прац 21-гадовы Міхаіл напісаў у 2014 годзе, хоць ёсць і 10 абразоў 2015 года. На стварэнне выставы «Царква ваяўнічая» мастака натхнілі падзеі Майдана і сучасная сітуацыя на ўсходзе Украіны. Шмат абразоў прысвечана анёлам і пакутнікам, якія абаранялі веру і паміралі за яе — святога Міхала, св. Юрыя, св. Дзмітрыя. У калекцыі прадстаўлены іконы для ваеннай пераноснай царквы, дзве харугвы і два ўкраінскія сцягі, на якіх намаляваны заступнікі воінаў.



«Ужо некалькі такіх сцягоў я перадаў у зону АТА. Калі будзе такая неабходнасць, то і гэтыя з выставы забяру і перашлю нашым воінам. Мне больш важна, каб сучаснае мастацтва, і іканапіс таксама, натхняла і дапамагала воінам на фронце, чым проста тут вісела, — кажа Міхаіл Скопа. — Бо мастацтва заўсёды адлюстроўвала актуальныя падзеі, звяртала ўвагу людзей на духоўнае. «Царква ваяўнічая» — такая назва можа, на першы погляд, здацца дзіўнай, але ў рэчаіснасці элемент вайны заўсёды прысутнічаў у Царкве. Узяць хоць бы вайну паміж дабром і злом, паміж анёламі і дэманамі, крыжовыя паходы. Нават Бог-Айцец, «Саваоф» з іўрыту перакладаецца як «воін», «воінства».

Назва выставы звяртаецца і да прамой аналогіі, бо ў іканапісе «Царква ваяўнічая» — гэта апакаліптычны вобраз барацьбы Нябеснага Валадарства і супраць сіл сямігаловага змея і яго прыхвасняў. Цікава, што малады іканапісец кожную са сваіх работ прапусціў праз прызму асабістага бачання і разумення, таму ён хутчэй называе сваю выставу сакральным жывапісам, чым іканапісам. Хоць, здавалася б, кананічная традыцыя малюнкаў захавана, і, калі прыгледзецца больш уважліва, то на шчыце арх. Міхала можна ўбачыць украінскі герб, у людзей, якія маліліся — воінаў АТА, а ў сямігаловага змея — герб дзяржавы-агрэсара і яе сцяг.

«Мне не зусім падабаецца сучасны іканапіс менавіта таму, што ў асноўным гэта жывапіс, а не іканаграфія. Гэтай выставай я хацеў, перш за ўсё для сябе, адзначыць, што ў сакральным жывапісе галоўным павінен быць абраз, а ўжо потым нюансы і дэталі. Так, на гэтых абразах чалавек першым бачыць агульны кананічны сюжэт, але калі прыгледжваецца, то заўважае і сімвалы», — патлумачыў сваю задуму Міхаіл.

Мастак падкрэслівае экуменічны бок мастацтва і рэлігійнага жыцця ва Украіне наогул: «Гэтая выстава, хутчэй мае касмічны сюжэт, бо гаворка ідзе не пра вайну канфесій. Напрыклад, я наўмысна тут выставіў некалькі сваіх прац у стылі рускага іканапісу, у прыватнасці — стараабрадную Багародзіцу Вогнебачную. Гэта кажа пра тое, што цяпер усе — і хрысціяне розных канфесій, і верныя іншых рэлігій — аб'ядноўваюцца ў малітве за Украіну».

У маладога мастака гэта ўжо пятая выстава, папярэднія некалькі, якія былі прадстаўлены ў Кіеве, таксама былі па біблейскай тэматыцы. У прыватнасці, трэцюю выставу Міхаіла — «Перад світанкам» — экспанавалі ў Кіеўскім музеі ім. Шалом-Алейхема. Працы тычыліся тэм Старога Запавету. Такім чынам, па словах аўтара, выстава заклікала падкрэсліць адзінства паміж Старым і Новым Запаветам, паміж культурнымі традыцыямі іудаізму і хрысціянства.

Акрамя іканапіснай працы, Міхаіл таксама вучыцца на аддзяленні графікі ў Львоўскай акадэміі мастацтваў, грае на гітары ў фолк-метал групе «Чорныя нетры», піша прозу. Мастак кажа, што сваім захапленнем сакральным мастацтвам ён удзячны маці Галіне Друзюк, якая займаецца рэстаўрацыяй абразоў, і бацьку Льву Скопу — львоўскаму іканапісцу.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.