Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Абрана месца правядзення галоўных падзей СДМ 2016
31.03.2015 12:40
У Кракаве вызначыліся з месцам правядзення галоўных мерапрыемстваў Сусветнага дня моладзі ў 2016 г. «Campus Misericordiae» (Поле міласэрнасці) — так будзе афіцыйна называцца некалькі гектараў зямлі на мяжы Кракава і Вялічкі. Тут пройдзе суботняе начное чуванне моладзі са Святым Айцом (30 ліпеня) і заключная нядзельная Імша (31 ліпеня). «Мы шукалі назву для гэтага месца. Знайшлі. Нам дапамог у гэтым Папа Францішак», — прызнаўся кардынал Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Кракава, 29 сакавіка падчас афіцыйнага абвяшчэння месца цэнтральных падзей сусветнага моладзевага форуму.

Арганізатары паведамілі, што рашэнне аб выбары поля на мяжы Кракава і Вялічкі ў якасці месца суботняй і нядзельнай сустрэч з Папам было прадыктавана добрым размяшчэннем і камунікацыйнымі магчымасцямі, што не будзе патрабаваць вялікіх выдаткаў для прыняцця тут 2 мільёнаў чалавек.

«Campus Misericordiae» у пяць разоў большае за Кракаўскія лугі, дзе папярэдне адбываліся сустрэчы падчас прыезду Пантыфікаў. «Мы не лічым сродкаў, бо ведаем, што трэба інвеставаць у маладое пакаленне і стварыць умовы для маладых людзей, каб яны маглі тут разам з Папам Францішкам у ліпені 2016 г. прымаць найбольш важныя рашэнні свайго жыцця», — сказаў кс. Гжэгаж Сухадольскі, генеральны сакратар арганізацыйнага камітэту Сусветнага дня моладзі ў Кракаве.

У сваю чаргу Імша на адкрыццё форуму, цырымонія прывітання Святога Айца і Крыжовы шлях адбудуцца на Кракаўскіх лугах.

Сусветны дзень моладзі ў Кракаве адбудзецца 26-31 ліпеня 2016 г. пад дэвізам «Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць» (Мц 5, 8). Дню моладзі будуць папярэднічаць Дні ў дыяцэзіях, якія пройдуць 20-25 ліпеня па ўсёй Польшчы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.