Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ва Украіне прэмію за маральнае і духоўнае лідарства «Святло справядлівасці» ўручаць Надзеі Саўчанкa
21.04.2015 17:12

22 красавіка ў Кіеве адбудзецца ўзнагароджванне лаўрэата прэміі «Святло справядлівасці». Узнагароду за маральнае, духоўнае і этычнае лідарства атрымае палітычны зняволены, Герой Украіны, старэйшы лейтэнант Узброеных Сіл Украіны Надзея Саўчанка.

Некалькі гадоў таму канадка ўкраінскага паходжання Анастасія Шкільнык вырашыла ў гонар свайго бацькі д-ра Міхаіла Шкільныка, вядомага юрыста, грамадскага і палітычнага дзеяча часоў вызваленчага руху ва Украіне 1917-1920 гадоў, заснаваць узнагароду. Яе лаўрэатамі станавіліся тыя асобы, якія, знаходзячыся ў авангардзе грамадска-палітычнага жыцця Украіны, пастаянна праяўлялі сціпласць, бескарыслівасць і вернасць маральным прынцыпам, мужна ішлі за сваімі перакананнямі і былі ахвярнымі ў адстойванні ідэалаў дэмакратычнага грамадства.

«Узнагародай “Святло справядлівасці” Украінскі каталіцкі ўніверсітэт (УКУ) разам з іншымі членамі Капітула імкнецца вылучыць тых людзей, якія вельмі выразна ўмеюць аддзяліць свой свет ад свету зла, умеюць акрэсліць прастор маралі, духоўнасці ад свету антыдухоўнасці. Надзея Саўчанка, якая сваёй галадоўкай правяла гэтую мяжу, накрэсліла кола, якое, як у гогалеўскім «Віі», акрэслівае чалавек, каб злыя сілы да яго не зайшлі туды, унутр гэтага кола. Гэта чалавек, які ведае, што за маральныя прынцыпы трэба змагацца, і ўмее ісці на ахвяру за іх. Гэта азначае, што Надзея Саўчанка з'яўляецца прыкладам для іншых. У гэтым годзе, на наш погляд, яна была найбольш вартая гэтай узнагароды», — адзначыў дысідэнт, прарэктар па місіі і прызначэнні УКУ Міраслаў Марыновіч.

У чэрвені 2014 года, выправіўшыся на пошукі параненых байцоў, удзельнік АТА Надзея Саўчанка трапіла ў палон. Спачатку яна знаходзілася ў прарасійскіх баевікоў на тэрыторыі Украіны, потым яе пераправілі ў Расію, дзе прад’явілі сфабрыкаваныя абвінавачванні. З канца 2014 года, знаходзячыся ў маскоўскім СІЗА, Надзея абвясціла бестэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць дзеянняў Расійскай Федэрацыі.

Узнагароду за Надзею Саўчанка атрымаюць яе маці і сястра.

Таксама падчас мерапрыемства будзе прадстаўлены дакументальны фільм пра Надзею Саўчанка.

Да гэтага лаўрэатамі ўзнагароды «Святло справядлівасці» былі Яўген Свярсцюк, Мустафа Джамілеў і Людміла Заліўна.

Акрамя таго, штогод уручаецца і стыпендыя «Святло справядлівасці» для студэнтаў УКУ, актыўных у грамадскай рабоце і паспяховых у вучобе. Лаўрэатамі стыпендыі становяцца студэнты з грамадзянскай пазіцыяй, якія паслядоўныя ў распаўсюджванні высокіх маральных і духоўных прынцыпаў. У гэтым годзе яе атрымае студэнт другога года навучання магістарскай праграмы па медыякамунікацыі УКУ Ігар Фешчанка.

Паводле risu.org.ua, (AYU)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.