Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У тэкст Ларэтанскай літаніі далучылі новы заклік
29.04.2015 16:21

Дэкрэтам Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў (прат. 130/14) у тэкст літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай) далучаны новы заклік. Пасля словаў «Маці ласкі Божай» трэба чытаць таксама заклік — «Маці Міласэрнасці». Гэтую змену неабходна ажыццявіць падчас традыцыйных маёвых набажэнстваў.

Гэтыя змены былі зроблены па просьбе Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў Польшчы. 15 студзеня 2014 Канферэнцыя Каталіцкіх біскупаў Польшчы скіравала ліст да Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў з просьбаю, каб у Ларэтанскай Літаніі пасля закліку «Маці ласкі Божай», можна было дадаць заклік «Маці Міласэрнасці». 8 лістапада 2014 года Кангрэгацыя ахвотна задаволіла просьбу.

Тэрмін «litania» (гр. lite, лац. litanea — просьба, маленне, выпрошванне) даслоўна азначае малітоўнае выпрошванне. Ад іншых малітоўных выпрошванняў гэта літанія адрозніваецца спецыфічнаю структураю: яна складаецца з мноства заклікаў-просьбаў, пасля якіх гаворыцца адказ, напр., «маліся за нас» — у Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі і Літаніі да ўсіх святых, а калі звяртаемся да Хрыста або іншых Боскіх асобаў — «змілуйся над намі» або «выслухай нас, Пане».

Сярод розных формаў малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі, якія прапаноўваюцца Касцёлам, важнае месца займаюць літаніі. Яны вызначаюцца доўгім шэрагам заклікаў да Марыі, якія чытаюцца ў адным рытме, ствараючы своеасаблівы малітоўны струмень праслаўленняў і выпрошванняў. У пераважнай большасці заклікі вельмі кароткія, усяго з дзвюх частак: першая частка — праслаўленне, напр., «Панна ласкавая», другая — просьба, напр., «маліся за нас» (Дырэкторый аб народнай пабожнасці і літургіі).

Генезіс Ларэтанскай літаніі складаны для замацавання. Хутчэй за ўсё, у сваёй асноўнай форме літанія з’явілася ў парыжскім манускрыпце канца ХІІ стагоддзя. Можна таксама меркаваць, што некаторыя заклікі, скіраваныя да Марыі, знаходзіліся ў Літаніі да ўсіх святых і з цягам часу дададзеных тытулаў Марыі станавілася ўсё больш і больш, што паступова паслужыла ўтварэнню новай групы тытулаў, якая «адарвалася» ад першапачатковай асновы.

Літанія, вядомая як Ларэтанская, паходзіць ад назвы мястэчка Ларэта, размешчанага ў правінцыі Анкона ў Італіі, дзе знаходзіцца славуты Марыйны санктуарый. Паводле легенды, у ХІІІ ст. дамок з Назарэта, у якім нарадзілася Маці Божая, быў перанесены анёламі ў Ларэта. Вядома, што літанія асаблівым чынам прапагандавалася і чыталася пілігрымамі ў гэтым санктуарыі, дзе яна набыла канчатковую форму і пачала распаўсюджвацца ва ўсім Касцёле. У 1531 г. запісана сведчанне, у якім гаворыца аб чытанні літаніі ў гэтым санктуарыі. Упершыню яна была надрукаваная ў 1572 г. у Фларэнцыі і мела 43 заклікі. Да канца ХVI ст. яна перадрукоўвалася каля 20-ці разоў, што сведчыць пра яе даволі шырокае распаўсюджанне.



У папскіх дакументах згадка пра Ларэтанскую літанію з’явілася ў 1581 г. у буле «Redituri» Сікста V, які абвясціў за чытанне літаніі 200-дзённы адпуст, заахвочваючы вернікаў да малітвы. Чарговыя адпусты ў 1932 г. дадалі да гэтай малітвы Пій VII і Пій ХІ, а папа Бэнэдыкт ХІV афіцыйна зацвердзіў літанію і дазволіў выкарыстоўваць яе падчас публічнага культу Касцёла.

Заклікі Ларэтанскай літаніі былі змененыя (сучасны тэкст літаніі мае 52 заклікі). З цягам часу некаторыя заклікі былі выдаленыя або, наадварот, дададзеныя новыя ў залежнасці ад патрэбаў Касцёла.

Напрыклад, даданне закліку «Успамога хрысціянаў» прыпісваецца Пію V у сувязі з перамогаю над туркамі пад Лепанто (1571); «Каралева, без граху першароднага зачатая» — Пію ІХ (1854); Леў ХІІІ увёў заклік «Каралева Ружанца святога» (1883) і «Маці добрай рады» (1903). Заклік «Каралева супакою» далучыў Бэнэдыкт ХV (1917), а папа Пій ХІІ — «Каралева ўнебаўзятая» (1950) з нагоды абвяшчэння догмату пра Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі; заклік «Маці Касцёла» дадаў Павел VІ падчас Другога Ватыканскага Сабору, а Ян Павел ІІ пакінуў права ўвядзення гэтага тытула ў літанію за Канферэнцыямі біскупаў (1980); Яну Паўлу ІІ мы абавязаны з’яўленнем тытула «Каралева сем’яў» (1995). Апрача дазволаў на паўсюднае ўвядзенне заклікаў, выдадзена шмат дазволаў, абмежаваных паасобнымі дыяцэзімі або манаскімі супольнасцямі. Такім чынам, францішкане атрымалі дазвол на змяшчэнне (апошні зварот) уласнага закліку «Каралева, серафіцкага ордэну» (1910), а кармэліты з 1689 года выкарыстоўваюць заклік «Каралева святога шкаплера».

Гаворачы аб практыцы чытання або спявання літаніі, варта звярнуцца да ўрыўка «Дырэкторыі народнай пабожнасці і літургіі»: «У выніку распараджэння папы Льва ХІІІ аб заканчэнні ружанцовай малітвы ў кастрычніку спевам Ларэтанскай літаніі вернікі былі ўпэўненыя, што літанія з’яўляецца толькі своеасаблівым дадаткам да Ружанца. Аднак на самай справе яна з’яўляецца чымсьці незалежным. Літаніі могуць уяўляць з сябе самастойны элемент ушанавання Марыі, быць працэсійным спевам, уваходзіць у склад набажэнства Божага слова або іншых літургічных актаў».

Пераклад з польскай Іны Бігель

Паводле ave-maria.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.