Новы нумар газеты L'Osservatore Romano прысвечаны жанчынам, Касцёлу і гумару |
07.05.2015 14:50 |
«Жанчыны, Касцёл, мір»: чарговы нумар дадатку да газеты L'Osservatore Romano выйшаў з друку з падзагалоўкам «Жанчыны і іронія». Гэтай тэмай рэдакцыя вырашыла адсвяткаваць трохгоддзе выдання. «Дар смеху»: такі загаловак інтэрв'ю з абатысай бэнэдыктынскага кляштара с. Іньяцыяй Анджэліні, аўтарам некалькіх кніг па духоўнасці. Законніца кажа пра Касцёл, «які валодае пачуццём гумару», які ідзе за Езусам і не баіцца быць навучаным Ягонай далікатнай іроніяй, адрасаванай аматарам паспрачацца або ўпартым вучням. У артыкуле «нататкі Мадлен» распавядаецца пра жанчыну-містыка Мадлен Дэльбрэль, якая праславілася сваёй любоўю да гумару, што выяўляецца ў яе вершах. У нумары апублікаваны таксама цікавы «Ліст ветэрынара», у якім Мадлен наракае, што яна звярталася ўжо да дзясятка ўрачоў, але ні адзін не змог ёй дапамагчы: «Характар у мяне сабачы, упартасць — асліная, а тэмперамент — конскі», — таму вылечыць яе можа толькі ветэрынар, а вывесці «прусакоў з галавы» — добры інсектыцыд. Цэлы разварот газеты «Жанчыны, Касцёл, мір» прысвечаны «Тэалогіі гумару», у аснове чаго ляжыць міласэрнасць Бога і вера ў тое, што Яго думкі моцна адрозніваюцца ад нашых. Аўтары нумара не маглі не згадаць аб фільме «Дзейнічай, сястра» («Sister Act») і пра коміксы, прысвечаныя легендарнай Мафальдзе. Партрэт гераіні аргенцінскага мастака Хаакіна Лавадо, якая ўвесь час задаецца вечнымі пытаннямі пра сэнс жыцця, дапоўнены адным з яе вядомых афарызмаў: «Як цяжка быць жанчынай! Ты павінна думаць, як мужчына, паводзіць сябе, як дарослая жанчына, выглядаць, як дзяўчынка, і араць, як вол!» Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |