Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першая ў гісторыі Касцёла ў Кеніі беатыфікацыя — благаслаўлёнай абвясцілі місіянерку з Італіі
25.05.2015 17:40

23 мая ў Кеніі адбылася першая ў гісторыі мясцовага Касцёла беатыфікацыя. У горадзе Ньеры да хвалы алтара была ўзнесена італьянская місіянерка, законніца Ірэнэ Стэфані. Беатыфікацыйную Імшу ўзначаліў ад імя Папы Францішка кардынал Палікарт Пенга з Танзаніі, старшыня Сімпозіума Канферэнцыі Біскупаў Афрыкі і Мадагаскара.

Новая благаслаўлёная памерла ў Кеніі ў 1930 г. ва ўзросце 39 гадоў ад чумы, заразіўшыся ёю ад хворых, аб якіх клапацілася. Ірэнэ Стэфані нарадзілася ў 1891 г. недалёка ад Брэшы, на поўначы Італіі. Тут уступіла ў супольнасць Місіянерак Маці Божай Суцяшэння. Падчас Першай сусветнай вайны кіраўніцтва супольнасці паслала яе на місіі ў Танзанію і Кенію. Жыхарам гэтых краін яна ахвяравала рэшту свайго жыцця.

Законніца заўсёды шукала людзей пакінутых, быццам бы ўжо памерлых, і часта ёй удавалася выратаваць іх жыццё. Чалавек, ад якога яна заразілася, быў настаўнікам, які яе зневажаў, крытыкуючы яе выкладчыцкую працу ў школе, бо хацеў заняць яе месца. Нягледзячы на гэта, Ірэнэ Стэфані апекавалася ім, калі ён захварэў. "Многія людзі лічаць, што яна памерла не ад хваробы, але дзеля любові да людзей", — сказала ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё законніца Хасінта Тэўры, якая належыць да той жа самай супольнасці, што і новая благаслаўлёная.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.