Тэалогія сужэнства і сям’і абмяркоўвалася ў Рыме |
28.05.2015 16:19 |
Епіскапаты Германіі, Швейцарыі і Францыі правялі ў Рыме семінар з нагоды маючага адбыцца ў кастрычніку 2015 г. Сінода Біскупаў на тэму сям’і. У ім прынялі ўдзел сінадальныя айцы, тэолагі, супрацоўнікі Рымскай курыі і журналісты. Выступленні паказалі, наколькі розныя існуюць сёння падыходы да тэалогіі сужэнства, гаворыцца ў выніковым паведамленні сустрэчы. У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся тры галоўныя тэмы. Першая тычылася разумення словаў Езуса Хрыста аб разводзе ў кантэксце абвяшчэння Божага Валадарства і традыцыі Касцёла. Звярталася ўвага на тое, што згодна з навучаннем Другога Ватыканскага Сабору традыцыя развіваецца ў гісторыі. Наступнай тэмай стала тэалогія любові. У прыватнасці, абмяркоўвалася сексуальнасць як мова любові і каштоўны дар Бога. Удзельнікі семінара звярнулі ўвагу на патрэбу інтэнсіўнага дыялогу паміж традыцыйнай маральнай тэалогіяй і сучаснай антрапалогіяй. Абмяркоўваліся таксама змены ў разуменні маралі — сферы, дзе сёння пачынаюць дамінаваць уласныя меркаванні і сумленне. Сустрэча паказала, што існуе вялікі плюралізм поглядаў на тэалогію сужэнства і сям’і, адзначаецца ў выніковым дакуменце. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |