Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кандыдат-католік будзе балатавацца ў Прэзідэнты ЗША
01.06.2015 16:08

Былы сябра Сенату ЗША Рык Санторум, які вырозніваецца падкрэслена каталіцкімі пазіцыямі ў пытаннях сям'і і абортаў, заявіў пра намер балатавацца на пост Прэзідэнта ЗША ў 2016 годзе, паведамілі амерыканскія СМІ.

«Як прэзідэнт, я буду абараняць прынцып, згодна з якім жыццё любога чалавека мае значэнне — беднага, хворага і ненароджанага», — сказаў ён падчас кароткай прамовы ў небагатым гарадку Кэбот у штаце Пэнсільванія. 

У 2012 годзе Санторум заняў другое месца падчас праймэрыз Рэспубліканскай партыі пасля Міта Ромні, які ў выніку прайграў выбары дзеючаму прэзідэнту-дэмакрату Бараку Абаме. Санторум, які не меў значнай фінансавай падтрымкі, вёў кампанію ў асноўным карыстаючыся падтрымкай сярод небагатых амерыканцаў, якія выступаюць за хрысціянскую сям'ю і забарону абортаў.

«Амерыканскім сем'ям не патрэбны яшчэ адзін прэзідэнт, звязаны з дзяржаўнай бюракратыяй і вялікім бізнесам», — заявіў Санторум, які сам мае 7 дзяцей і, верагодна, найбольш актыўна будзе звяртацца да людзей, якія маюць малы і сярэдні бізнес ці працуюць за заробак.

Рык Санторум таксама паабяцаў разбіць «Ісламскую дзяржаву», якая пераследуе хрысціян і нязгодных мусульман на Блізкім Усходзе.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.