Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рыфка Бэры са Шры-Ланкі выпусціла кнігу пра свой шлях да хрысціянства
10.06.2015 14:42

Ва ўзросце 12 гадоў, калі большасць дзяцей праходзяць праз цяжкасці школьных клопатаў і падлеткавых адносін, Рыфка Бэры, дзяўчынка са штату Агаё, вырашыла таемна прыняць хрысціянства. Гэтае рашэнне цалкам змяніла яе лёс і прынесла пастаянны страх у яе жыццё.

«Мне было страшна, што бацькі даведаюцца пра гэта, і я гадамі хавала сваю новую веру», — кажа сёння 22-гадовая Бэры пасля выхаду кнігі яе ўспамінаў «Схавацца на святле: чаму я рызыкавала жыццём, каб пакінуць іслам і прыйсці да Хрыста» ( Hiding in the Light: Why I Risked Everything to Leave Islam and Follow Jesus)


Калі Бэры было 8 гадоў, яе сям’я пераехала са Шры-Ланкі ў ЗША і пасялілася ў Агаё. Прычынай уцёкаў з радзімы сталі няшчасці, якія напаткалі Бэры, і яны ж, у канчатковым выніку, і прымусілі яе назаўжды развітацца з ісламам.

Я вырасла ў надзвычай пабожнай і строгай сям'і, — кажа Бэры. — Але мяне напаткалі дзве бяды, з-за якіх нам і давялося пакінуць Шры-Ланку. Спачатку мой брат неспадзявана пашкодзіў мне правае вока, і з-за гэтага я напалову аслепла, а потым мяне згвалціў далёкі сваяк нашай сям'і». Няшчасці дзяўчыны не сустрэлі ні спагады, ні падтрымкі сярод радні; наадварот, яны наклікалі ганьбу і асуджэнне на сям'ю.

«Калі хтосьці становіцца ахвярай гвалту і абразы, то ў амерыканскай культуры караецца крыўдзіцель і віна за злачынства ўскладаецца на яго. Але ў маёй роднай ісламскай культуры ўся ганьба ўскладаецца на ахвяру злачынства, — тлумачыць Бэры. — І таму на мяне ўсклалі таўро «сляпой ахвяры ўласнай няпраўды». А мае родныя заўсёды старанна бераглі рэпутацыю сям'і ў вачах атачэння і таму прынялі рашэнне пакінуць родныя мясціны і бегчы ад ганьбы, якая абрынулася на нашу сям'ю».

У Агаё, стаўшы школьніцай, дзяўчынка ўпершыню пазнаёмілася з хрысціянствам, калі сяброўка запрасіла яе зазірнуць у храм. «Ёй не магло і ў галаву прыйсці, што зусім незадоўга да таго я жыла ў прыніжэннях, поўзала на каленях, мяне збівалі і я дайшла да думак пра самагубства, не пражыўшы на свеце і 12 гадоў, — прыгадвае Бэры. — Я тады казала сабе: калі гэта ўсё, што я бачу ад жыцця, то мне не патрэбна такое жыццё. Я была разбітая і ў сваіх малітвах прасіла: “Божа, калі Ты і праўда ёсць, пакажы мне сваю магутнасць, і я ўпэўнена ў Табе; хто б Ты ні быў — Алах, Буда або Езус, скажы мне праўду, я не магу без яе”. Я месяцамі паўтарала ў слязах гэтую малітву, і вось аднойчы мне сустрэлася тая дзяўчына, і яна адвяла мяне ў святыню».

Нягледзячы на строгія распарадкі пабожнай мусульманскай сям'і, Бэры здолела ўпотай пранесці ў дом Біблію і пачала ўрыўкамі чытаць яе, выкройваючы рэдкія хвіліны адзіноты. «Бацькі вечарамі сыходзілі спаць, а я замыкалася ў ванным пакоі і чытала стоячы, і мяне ўвесь час мучыў страх, што яны пра гэта даведаюцца», — кажа яна.

Калі б Бэры трапілася ім на вочы з Бібліяй, яе маглі б забіць, каб выратаваць гонар сям'і.

«Мяне знайшла любоў, — кажа Бэры. — І ў ёй і ёсць тая розніца, што скалынае мяне і сёння, праз гады. У ісламе, наколькі я яго пазнала на сабе, усё пабудавана на страху, жорсткасці і гневе. Ты слухаешся Алаха толькі таму, што баішся яго гневу і пакарання. А ў хрысціянстве мы падпарадкоўваемся, таму што любім Бога ўсім сэрцам».

У 2009 г., калі Бэры было 16 гадоў, яе пераход у хрысціянства адкрыўся, і яна збегла ад сваіх родных. Яе гісторыя стала гучнай і патрапіла на першыя старонкі прэсы. Яна баялася, што бацька заб'е яе, і сама звярнулася ў паліцыю. Ёй прыйшлося некалькі дзён ратавацца ад гневу родных у сям'і пастара з Фларыды. Затым яна трапіла ў прытулак для непаўналетніх, стрывала нягоды многіх судовых працэсаў і жыла ў некалькіх прыёмных сем'ях у Агаё. Ва ўзросце 18 гадоў у яе дыягнаставалі рэдкую форму раку, які ледзь не звёў яе ў магілу.

«Пакуль я расла, я заўсёды адчувала сябе безгалосай, і толькі ў гэтай кнізе я загаварыла ў поўны голас», — кажа Бэры.

З дня уцёкаў у яе не было ніякіх кантактаў з роднымі, але яна не шкадуе пра свой учынак.

«Калі б давялося прайсці праз усё гэта зноў, я б зрабіла сапраўды гэтак жа, бо я здолела знайсці сябе і здабыла вялікую любоў і спачуванне, — кажа яна. — Я люблю сваіх родных і адчайна хачу, каб яны таксама ўбачылі і адчулі тую свабоду і ўсёдараванне, якое я знайшла ў Езусе, і я таксама ўсёй душой прабачаю ім».

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.