У нігерыйскай дыяцэзіі Майдугуры знішчана 350 святыняў |
15.06.2015 12:22 |
350 разбураных святыняў і пяць тысяч забітых католікаў — трагічныя лічбы дзейнасці ісламскіх фундаменталістаў у дыяцэзіі Майдугуры ў Нігерыі. Дыяцэзія размешчана ў паўночнай частцы афрыканскай краіны і з 2009 года знаходзіцца пад уладай ісламісцкай групоўкі «Бока Харам». З-за крывавых дзеянняў групоўкі больш за 100 тысяч католікаў былі вымушаны пакінуць свае дамы. Палова з 40 пастырскіх цэнтраў была знішчана. Аб гэтым паведамляецца на польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё. «Ісламісты кантралююць 85 % тэрыторыі нашай дыяцэзіі; некаторыя з нашых касцёлаў разбураны некалькі разоў пасля таго, як былі ўзведзены з руінаў», — кажа кс. Гідэон Обасоге, адказны за СМІ ў дыяцэзіі Майдугуры. Святар адзначае, што крывавыя дзеянні ісламістаў у дыяцэзіі прывялі да з'яўлення больш за 10 тысяч сірот і 7 тысяч удоў. «Людзі напалоханыя, яны страцілі свае дамы і ўсе набыткі свайго жыцця; будучыня ўсё яшчэ вельмі нявызначаная. Тым не менш, касцёлы поўныя, і наша вера ўзрастае», — дадае нігерыйскі святар, у той жа час выказваючы надзею на тое, што ваеннае наступленне войск Нігерыі, Чада і Камеруна на ісламскіх фундаменталістаў, нарэшце, прынясе жаданыя вынікі і людзі будуць вызвалены ад панавання «Бока Харам». «Бока Харам» (літаральна — «Заходняя адукацыя забароненая») — арганізацыя, якая з мая 2014 года ўнесена Радай Бяспекі ААН у спіс тэрарыстычных. Галоўнай мэтай арганізацыі з'яўляецца ўвядзенне шарыяту на ўсёй тэрыторыі Нігерыі і выкараненне заходняга ладу жыцця. (AYU) |