Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Маскве прайшла вечарына памяці забітага рэжысёра фільма пра Яна Паўла ІІ
16.06.2015 12:10

У Маскоўскім тэатры музыкі і паэзіі Алены Камбуравай адбыўся вечар, прысвечаны памяці Тамары Якжыны, забітай у сакавіку 2015 года.

Пра гэта паведамляецца на польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

Тамара Якжына была аўтарам пакуль адзінага ў Расіі фільма пра святога Яна Паўла ІІ. Дзякуючы ўмяшальніцтву Алены Камбуравай, якая паспрыяла ў пошуках зніклага рэжысёра, падчас расследвання было знойдзена яе цела і магчымы забойца.

Падчас вечарыны памяці, які праводзіла Алена Камбурава, узгадвалі найбольш важныя моманты з жыцця Тамары Якжыны. Таксама адбыўся паказ ІІ часткі яе фільма пра св. Яна Паўла ІІ пад назваю «Папа, які не памёр» (2012). Старшыня расійскай асацыяцыі св. Яна Паўла ІІ Ігар Баранаў распавёў пра прыгоды, якія перажыў разам з Тамарай Якжынай падчас рэалізацыі першай часткі фільма пра Папу-паляка пад назваю «Не бойся, я малюся за цябе»(2005).

Пасля афіцыйнай часткі падчас прыватнага прыёму працягвалі дзяліцца ўспамінамі пра Тамару Якжыну, якой 9 чэрвеня споўнілася б 70 гадоў.

Тамара Якжына — журналістка і рэжысёр дакументальных і адукацыйных фільмаў польскага паходжання, член Саюза кінаматаграфістаў Расіі і  Саюза журналістаў РФ.

Больш за 20 гадоў працавала на Цэнтральным тэлебачанні, дзе здымала мастацкія праграмы розных жанраў, а таксама аўтарскія цыклы — «Музыка ў тэатры, у кіно, на тэлебачанні», «Музыка і паэзія». Сярод дакументальных фільмаў — «Чутно было здалёк» пра гісторыю званоў і інш.

Загінула 12 сакавіка 2015 года. 16 сакавіка ў справе знікнення рэжысёра ў міліцыю звярнулася яе сястра. 9 красавіка былі арыштаваны два мужчыны, якія спрабавалі праз пасрэдніцтва інтэрнэт-партала продажы-куплі нерухомасці прадаць кватэру Якжыны. 15 красавіка было знойдзена яе цела, у той самы дзень быў арыштаваны яе сусед, якога падазравалі ў забойстве і змове з мэтаю прадаць кватэру дакументалісткі.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.