Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Расія ставіць на ўлік рэлігійныя арганізацыі з замежным фінансаваннем: рэакцыя Касцёла
17.06.2015 16:03

У пасольстве Ватыкана ў Расіі выказалі гатоўнасць прытрымлівацца будучага закона аб праверцы рэлігійных арганізацый на прадмет замежнага фінансавання. 16 чэрвеня профільны камітэт Дзярждумы ўхваліў адпаведныя папраўкі.

«Калі ў Расійскай Федэрацыі будзе прыняты гэты законапраект, то Каталіцкі Касцёл будзе жыць і дзейнічаць па гэтым новым законе і імкнуцца яго выконваць», — сказала аташэ па культуры пасольства Ватыкана Джаванна Парравічыні.

Пра гэта паведамляецца на interfax.ru.

У той жа час яна выказала меркаванне, што гэты закон «павінен пакінуць вернікам хрысціянам магчымасць аказваць міжнародную, міжхрысціянскую, міжрэлігійную дапамогу».

«У гэтым сэнсе і Праваслаўная Царква, і расійскі ўрад заўсёды былі чуйныя і ўважлівыя — калі мы думаем пра хрысціян, якія церпяць пераслед на Усходзе, у Азіі, у краінах, дзе сёння пануюць вельмі сур'ёзныя выклікі для цывілізацыі, для хрысціянства», — заўважыла Джаванна Парравічыні.

Яна ўказала на тое, што «каталіцкія дабрачынныя міжнародныя арганізацыі дапамагалі і дапамагаюць рэлігійным і культурным арганізацыям як каталіцкага, так і праваслаўнага кірунку», і ў гэтым дачыненні «Каталіцкі Касцёл думае пра сябе як пра міжнародную, шматнацыянальную арганізацыю».

«У гэтых адносінах мне б хацелася знайсці водгук у Рускай Праваслаўнай Царквы ў міжнароднай салідарнасці ўсіх хрысціянаў. Вельмі важна, каб у гэтым свеце, дзе кожны канфліктуе з іншым, хрысціяне, вернікі змаглі б праявіць такую салідарнасць і аказаць такую дапамогу, якая пераадольвае межы любых нацыянальнасцяў, любых дзяржаў», — дадала Джаванна Парравічыні.

Урадавы праект закона аб рэлігійных арганізацыях з замежным фінансаваннем Камітэт Дзярждумы па справах грамадскіх аб’яднанняў і рэлігійных арганізацый рэкамендаваў прыняць 30 чэрвеня ў першым чытанні.

Законапраектам прапаноўваецца падзяліць прадмет праверак дзейнасці рэлігійных арганізацый, замацаваўшы права Мінюста Расіі і яго тэрытарыяльных органаў праводзіць праверкі фінансава-гаспадарчай дзейнасці рэлігійных арганізацый ў выпадку атрымання імі замежнага фінансавання.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.