У Львове пабудуюць альбертынскі Дом міласэрнасці |
18.06.2015 13:59 |
У Львове пабудуюць Дом міласэрнасці, якім будуць апекавацца браты альбертыны. Урачыстасці пасвячэння і ўмуравання вуглавога каменю праводзіў 16 чэрвеня, напярэдадні літургічнага ўспаміну Альберта Хмялёўскага, Мітрапаліт Львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі. Пра гэта паведамляе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Дом міласэрнасці — гэта традыцыя харытатыўнага служэння альбертынаў у Львове, якую распачаў св. Альберт Хмялёўскі ў 1892 годзе. Падчас вайны тут з’явіўся першы альбертынскі прытулак. Да заканчэння Другой сусветнай вайны альбертыны і альбертынкі, маючы шматлікія пляцоўкі для бедных на тэрыторыі Львоўскай архідыяцэзіі, на практыцы рэалізоўвалі прынцыпы, якія перадаў для іх брат Альберт, каб быць добрым для кожнага чалавека, які знаходзіцца ў патрэбе. Як адказаў для Ватыканскага радыё настаяцель пляцоўкі альбертынаў у Львове, Дом міласэрнасці будзе мець вялікае значэнне для бяздомных і бедных са Львова і яго ваколіц, якім асаблівым чынам зараз не хапае патрэбнай дапамогі і апекі. «Дом міласэрнасці будзе выконваць тры функцыі: прытулак для бяздомных, кухня для бедных і баня для ўсіх патрабуючых», — дадаў бр. Марэк Бартось. Альберт Хмялёўскі — польскі францішканін, заснавальнік кангрэгацыі альбертынаў і альбертынак, паўстанец, мастак і святы, які найбольш вядомы з адданай працы для бедных і бяздомных. Кангрэгацыя «Братоў святога Францішка — слугаў бедных», вядомая таксама як альбертыны ці «шэрыя браты» (ад шэрага адзення, якое яны носяць) была заснавана ў 1887 годзе. У гэтым жа годзе брат Альберт заснаваў і жаночую галіну супольнасці — «шэрых сясцёр». У 1949 годзе Караль Вайтыла напісаў пра яго п’есу, на аснове якой у 1997 годзе быў пастаўлены спектакль, а 12 лістапада 1989 года заснавальнік кангрэгацыі «шэрых братоў і сясцёр» быў кананізаваны. (AYU)
|