Ілюстрацыі Шагала да Бібліі экспануюцца ў Маскве |
19.06.2015 13:59 |
Выстава літаграфій Марка Шагала «Пасланне света» адкрылася 18 чэрвеня ў маскоўскай «Must ART Gallery». На выставе прадстаўленыя працы адной з найбольш значных графічных серый мастака — ілюстрацыі да Бібліі, выкананыя ў тэхніцы чорна-белай і каляровай літаграфіі. Нягледзячы на вялікую цікавасць да творчасці майстра, гэтая серыя дагэтуль застаецца вядомай нешырокаму колу гледачоў, адзначае агенцтва. Выстава працягнецца да 31 жніўня. Марк Шагал — адзін з найбольш вядомых прадстаўнікоў мастацкага авангарду ХХ стагоддзя, мастак, якога лічаць сваім у Беларусі, у Францыі, Расіі і Ізраілі. Ён пражыў вельмі доўгае і творча багатае жыццё, памёршы ва ўзросце 98 гадоў у 1985 годзе ў Францыі. Да ілюстрацыі Кнігі Кніг ён звярнуўся яшчэ ў 1930-ыя гады, але ў тэхніцы літаграфіі працаваў ужо значна пазней. Як вядома, вялікім творчым натхненнем для яго была жонка Бэла, але, калі яна сышла з яго жыцця, мастак спыніў сваю працу. Да творчасці ён змог вярнуцца праз любоў да Бога. Марк Шагал казаў так: «Мая малітва — мая творчасць». На падставе гэтых слоў некаторыя сцвярджалі, што Марк Шагал не лічыў сябе рэлігійным чалавекам, аднак на падставе іх і той спадчыны, якую ён пакінуў для ўсяго свету, можна сцвярджаць і цалкам адваротнае. Многія творцы кажуць, што моляцца альбо малюючы, альбо пішучы. І як казаў св. Ян Павел ІІ у дачыненні да творчасці, натхненне на яе дае толькі Бог. (AYU)
|