Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Набліжаецца кананізацыя бацькоў св. Тэрэзы з Лізьё
22.06.2015 17:31

18 кастрычніка падчас Сіноду Біскупаў па справах сям'і Папа Францішак кананізуе Луі і Зэлі Мартэн — бацькоў св. Тэрэзы з Лізьё. Пра гэта паведамляе, спасылаючыся на I-Media, французскі часопіс La Croix.

Гэта толькі прыкладная дата, якая будзе ўдакладнена на кансісторыі 27 чэрвеня.

У гісторыі Каталіцкага Касцёла дагэтуль яшчэ не кананізавалі сужэнскую пару. Бацькі Малой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса будуць першым святым сужэнствам.

Беатыфікацыя Луі і Зэлі Мартэн адбылася ў 2008 годзе. Гэта была другая ў гісторыі Касцёла беатыфікацыя сужэнскай пары. Першымі былі беатыфікаваны ў 2001 годзе Луіджы Бельтрамэ Куатрокі і Марыя Корзіні.

З гісторыі сямейнай пары:

Людвік Юзаф Станіслаў Мартэн быў сынам вайскоўца. Некаторы час сваёй маладосці правёў у Парыжы, але потым вярнуўся да бацькоў у Аленкон, дзе адкрыў сваю справу. Сваю працу ён заўсёды аб'ядноўваў з духоўнымі практыкаваннямі і дабрачыннай дзейнасцю. У 1958 годзе ён пазнаёміўся з Зэлі Гуэрын, якая, як сама пазней распавядала, калі ўпершыню ўбачыла яго на вуліцы, то пачула ўнутраны голас: «Гэта той, каго Я падрыхтаваў для цябе».

Будучая спадарыня Мартэн валодала з маладога ўзросту вялікім патэнцыялам прадпрымальніцы і ўжо ў 20-гадовым узросце заснавала таксама сваю прыватную справу. Як і яе будучы муж, яна ўмела спалучаць прадпрымальніцкую дзейнасць з глыбокім духоўным жыццём, а таксама з дабрачыннасцю. Вялікай крыніцай ведаў пра штодзённае жыццё сужонкаў, а яшчэ больш пра іх пачуцці, рэлігійнасць і духоўнае жыццё, з'яўляюцца іх лісты.

Захавалася 218 лістоў Зэлі да мужа і 16 Луі да яе.

Зэлі і Луі мелі дзевяцёра дзяцей, з якіх да сталага ўзросту дажылі пяць дачок. Усе дочкі сталі сёстрамі законнымі, у тым ліку Тэрэза (кармэлітанка, якую кананізавалі ў 1925 годзе) і Леона (у манастве — с. Францішка Тэрэза, візітка, беатыфікацыйны працэс якой распачаўся ў 2015 годзе).

На распачацце кананізацыі паўплываў цуд маленькай Кармэн Пэрэ Пон, якая нарадзілася 15 кастрычніка 2008 года ў Валенсіі ў Іспаніі, ва ўспамін св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Гэтае дзіця нарадзілася раней тэрміну і яму пагражала смерць, адной з самых вялікіх праблем было крывазліццё. Бацькі дзяўчынкі маліліся аб здароўі да бацькоў святой Тэрэзы.

Тэрэза, пазней вялікая святая, заступніца місій і доктар Касцёла, пра сваіх бацькоў напісала, што яны «больш вартыя неба, чым зямлі».

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.