Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Далай-лама падтрымаў заклікі Папы ў энцыкліцы “Laudato si’”
03.07.2015 14:23

Далай-лама выказаў падтрымку зместу новай энцыклікі Папы Францішка, прысвечанай абароне навакольнага асяроддзя. Ён заклікаў іншых рэлігійных лідараў да ўдзелу ў вырашэнні пытанняў, якія ўплываюць на будучыню чалавецтва.

Тыбецкі духоўны лідар казаў аб гэтым у апошні дзень знакамітага музычнага фестывалю ў Гластанбэры ў Вялікабрытаніі. Раней Далай-лама ўдзельнічаў у круглым стале з удзелам, сярод іншых, галоўнага рэдактара газеты „The Guardian” Кэтрын Вінер. Ён высока ацаніў энцыкліку “Laudato si’” за тое, што яна заклікае да змены ладу жыцця, экалагічнага аздараўлення ў эканоміцы і пераходу на аднаўляльныя крыніцы энергіі.

Далай-лама звярнуў увагу на тое, што грамадзяне павінны аказваць ціск на ўрады, карпарацыі і міжнародныя арганізацыі, каб спынілі выкарыстанне выкапнёвага паліва, укладвалі больш сродкаў у “чыстую энергію” і скончылі масавую высечку лясоў.

У той жа час будысцкі лідар заявіў, што аддае перавагу таму, каб не гаварыць аб “барацьбе са зменамі клімату”, таму што “канцэпцыя вайны з’яўляецца састарэлай”. “Мы ні з чым не павінны змагацца. Замест гэтага трэба выраўноўваць нацыянальныя інтарэсы з інтарэсамі міжнароднымі, таму што ахова навакольнага асяроддзя з’яўляецца глабальнай справай”, - перакананы рэлігійны лідар.

Ён дадаў, што на індывідуальным узроўні мы ўсе нясём адказнасць перад нашай планетай. “Я збіраюся ўнесці свой уклад, гасячы святло, калі выходжу з пакоя, і прымаючы душ замест ванны”, - сказаў Далай-лама.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.