Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Расія: 8 ліпеня праваслаўныя вернікі адзначаюць Дзень сям'і, кахання і вернасці
08.07.2015 14:22

8 ліпеня — ва ўспамін у Праваслаўнай Царкве святых Пятра і Феўроніі — адзначаецца Дзень сям'і, кахання і вернасці. З гэтай нагоды ў цэнтры Масквы пройдзе свята для моладзі.

Агульнамаскоўскае свята пачнецца з малебна святым Пятру і Феўроніі, пасля адбудзецца канцэрт у Эрмітажы з удзелам вядомых выканаўцаў, а таксама харавых і танцавальных калектываў. Завершыцца Дзень сям'і для моладзі Масквы ў парку Горкага сапраўдным балем, у якім прыме ўдзел універсітэцкая студыя гістарычнага бальнага танцу.

Свята «Дзень сям'і, кахання і вернасці» было ўстаноўлена па ініцыятыве жыхароў Мурама ў 2008 годзе. Яно трымала ўхваленне Міжрэлігійнай рады Расіі і падтрымку ў расійскіх рэгіёнах. Сёння шырока адзначаецца не толькі ў Расіі, але і ў іншых краінах свету.

Напрыклад, у Беларусі ў Салігорску таксама адбываецца святкаванне, якое распачалося з Боскай Літургіі ў кафедральным саборы ў 6.30, а скончыцца спецыяльнай праграмай у Парку чатырох стыхій, у якой прыме ўдзел беларускі спявак і кампазітар Рэй.

Таксама з нагоды Дня сям'і, кахання і вернасці ў Гомельскай епархіі аб'яўлены фотаконкурс «Мая сям'я».

Пра гэта паведамляецца на church.by.

Даведка:

Асноўнай крыніцай інфармацыі пра святых Пятра і Феўронію з'яўляецца твор сярэдзіны XVI стагоддзя, а па меркаваннях некаторых даследчыкаў, сярэдзіны XV — «Аповесць пра Пятра і Феўронію», у якой распавядаецца пра дабрадзейную пару, якая жыла на пачатку ХІІІ стагоддзя.

Свв. Пётр і Феўронія. Мастак Аляксандр Просцеў

Як адзначае літаратуразнаўца У. Кускоў, гэты твор нельга назваць ані гістарычнай, ані агіяграфічнай аповесцю.

Стваральнікам аповесці лічыцца Ермалай Эразм, сучаснік Івана Грознага. У свой час, ужо пасля кананізацыі Пятра і Феўроніі, якая адбылася ў 1547 годзе, Ермалай атрымаў наказ ад Маскоўскага мітрапаліта Макарыя напісаць пра мурамскіх святых, якія, як лічыцца, уладарылі ў Мураме і памёрлі ў адзін дзень у 1228 годзе.

Як адзначаюць навукоўцы, гэтая аповесць мае шмат матываў не толькі з рускага фальклору, але і з заходнееўрапейскай літаратуры Сярэднявечча. Напрыклад, матыў змагання з драконам, ацаленне з дапамогай прыгожай дзяўчыны можна назіраць у легендзе пра «Трышчана і Ізольду», а таксама ў бакачаўскім «Дэкамероне».

Звесткі пра жыццё Пятра і Феўроніі носяць шмат у чым легендарны характар.

Як мяркуюць адны даследчыкі, пад іменем Пятра разумеецца мурамскі князь Давыд Юр'евіч (кіраваў у 1205-1228). У яго сапраўды была жонка Еўфрасіння (Феўронія). Іншыя навукойцы лічаць, што Пётр і Феўронія — гэта персанажы легенд мурамскага края, якія не маюць гістарычных прататыпаў.

Сюжэт пра Пятра і Феўронію стаў вельмі папулярным і атрымаў развіццё як у літаратуры, так і ў іканапісе ў Расіі. Аднак некаторыя праваслаўныя вернікі былі не згодныя з тым, што менавіта дзень успаміну свв. Пятра і Феўроніі быў абранаы Днём сям'і, кахання і вернасці, адзначаючы, што назваць іх сям'ю «ўзорнай» можна з вялікай нацяжкай: нібыта Феўронія насільна ажаніла на сабе Пятра, дзяцей, здаецца, не мелі, а дзень памяці адзначаны постам.

Аднак, нягледзячы на гэта, Дзень сям'і адзначаецца ў дзень менавіта гэтых святых, вобраз сям'і якіх не згодны са стэрэатыпамі традыцыйнай праваслаўнай сям'і.

Можа, якраз дзеля таго, каб урэшце гэтыя стэрэатыпы зламаць? І наколькі гэтыя святыя блізкія для беларускіх праваслаўных вернікаў? — пытанні, якія няхай застануцца адкрытымі.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.