Лацінаамерыканскія СМІ станоўча падсумоўваюць васьмідзённы візіт Папы Францішка ў Паўднёвую Амерыку 5-12 ліпеня, падчас якога Пантыфік наведаў Эквадор, Балівію і Парагвай. Папа з Аргенціны пакінуў у рэгіёне “моцны след” і “важныя пасланні”, - такое меркаванне пераважае ў большасці каментароў лацінаамерыканскіх медыя.
Штодзённая парагвайская газета “Ultima Hora” напісала: “Папа Францішак пасля трох дзён, якія нагадвалі марафон, развітаўся з нашай краінай. Яго знаходжанне выліла на парагвайскі народ бальзам надзеі і радасці. Ён пакінуў надзвычайныя заявы, якія застануцца ў памяці і якія будуць вяртацца”.
У Аргенціне, на радзіме Пантыфіка, большасць газет апублікавалі фотагалерэю з кароткай сустрэчы Папы з Прэзідэнтам краіны Крысцінай Фернандэс дэ Кіршнэр падчас нядзельнай святой Імшы ў Асунсьён. У аргенцінскіх медыя пераважаюць крытычныя выказванні Пантыфіка адносна розных з’яў. Газета “Clarin” каментуе: “Францішак завяршыў паўднёваамерыканскае падарожжа і патрабуе ад католікаў большай салідарнасці”. У сваю чаргу, газета „La Nacion” піша: “Падарожжа, якое завяршылася ў Асунсьён, яшчэ раз наглядна прадэманстравала, чаму Папа абраў імя Францішак”.
Балівійская „El Deber“ падкрэслівае палітычны аспект папскага вучэння: “Візіт, які быў адзначаны моцным сацыяльным заклікам”.
Эквадорская газета „El Comercio“ звяртае ўвагу на іншы аспект візіту Пантыфіка, падкрэсліўшы, што “апошняя святая Імша Папы, якая вянчала яго паездку ў Паўднёвую Амерыку, была моцна адзначана культурай індзейцаў гуарані”.
Орган кубінскіх камуністаў „Granma“ ў каментарах пасля падарожжа адзначае, што Пантыфік здабыў у Парагваі яшчэ “большую сімпатыю і павагу”, і нагадвае, што Куба, якая з’яўляецца мэтай яго вераснёўскага візіту, з’яўляецца наступнай краінай Лацінскай Амерыкі на шляху Папы Францішка.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|