Мэры мегаполісаў, якія ўваходзяць у Альянс вугляродна-нейтральных гарадоў, шмат чакаюць ад форумаў у Ватыкане, што адбудуцца 21-22 ліпеня, - канферэнцыі па ўстойлівым развіцці і абароне навакольнага асяроддзя і семінара на тэму барацьбы супраць сучаснага рабства, арганізаваных Папскай акадэміяй навук сумесна з ААН.
Форумы пройдуць з удзелам мэраў 60 найбуйнейшых гарадоў свету. У спецыяльнай заяве прадстаўнікі Альянсу адзначылі важнасць тэматыкі гэтых сустрэч, якая будзе ўключаць забеспячэнне роўнага доступу да чыстага паветра і вады і ўстойлівую будучыню як асноватворнае права чалавека. Гэта стане магчымасцю абмеркаваць, як гарады, рэлігійныя і грамадскія лідары могуць супрацоўнічаць для найбольш эфектыўнага вырашэння глабальнага забруджвання планеты.
Чакаецца, што ў Ватыкане будзе падпісана сумесная заява з абавязацельствам істотна паменшыць забруджванне і палепшыць клопат аб бедных і іх экалагічным здароўі, бо менавіта гэтая катэгорыя найбольш уразлівая да шкоднага ўздзеяння забруджвання і змен клімату.
Члены Альянсу падкрэслілі, што гарады сёння маюць важнае значэнне для барацьбы са зменамі клімату, паколькі з’яўляюцца домам для больш чым паловы чалавецтва і нясуць адказнасць за выкід трох чвэрцяў парніковых газаў на планеце. Мэры назвалі Папу Францішка “сусветным лідарам у галіне змен клімату і няроўнасці даходаў”. Менавіта гэтыя дзве праблемы найбольш востра стаяць перад гарадамі ўсяго свету.
Спецыяльную заяву падпісалі кіраўнікі адміністрацый 12 мегаполісаў, якія ўваходзяць у Альянс вугляродна-нейтральных гарадоў: Боулдэра, Портланда, Мінеапаліса, Нью-Ёрка, Сан-Францыска, Сіэтла, Бостана, Ванкувера, Осла, Берліна, Лондана і Стакгольма.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|