«Для стварэння культуры жыцця павінна быць адменена смяротнае пакаранне», - падкрэсліваюць у сумеснай заяве кіраўнік Камісіі па справядлівасці і развіцці чалавека арцыбіскуп Томас Венскі і старшыня Камітэта абароны жыцця кардынал Шон О’Мэллі. Заява прагучала ў 10-ю гадавіну кампаніі епіскапату ЗША супраць смяротнага пакарання.
У дакуменце біскупы выражаюць надзею, што ў іх краіне «перастануць вучыць не забіваць, караючы пры гэтым забойцаў»: «Гэты заганны круг насілля знішчае ўсё чалавецтва». Адзначаючы значны прагрэс у барацьбе са смяротным пакараннем, іерархі заяўляюць, што «вышэйшая мера пакарання непрымальная, бо з’яўляецца злачынствам супраць святасці жыцця і годнасці чалавечай асобы», і нагадваюць, што каталіцкая вера прапануе ўнікальны погляд на злачынства і пакаранне на аснове міласэрнасці і збаўлення, а не вынесенага прысуду. «Калі грамадства ў стане абараніць сябе, не знішчаючы чалавечага жыцця, то, валодаючы такой здольнасцю, яно абавязана гэта рабіць незалежна ад цяжару злачынства», - дадаюць біскупы.
Арцыбіскуп Томас Венскі і кардынал Шон О’Мэллі адзначаюць, што «ўсе мы грэшнікі», але праз адкупленчую сілу свайго Крыжа Езус Хрыстус «падарыў нам вечнае жыццё». Смяротнае пакаранне, як падкрэсліваецца, «пазбаўляе ўсялякай перспектывы перамянення душы асуджанага да новага жыцця». Такім чынам, «апазіцыя католікаў у адносінах да смяротнага пакарання мае карані ў міласэрнасці» і абароне самога жыцця, таму што «пакідае шанс для навяртання нават самых закаранелых грэшнікаў».
Выказваючы братэрскую салідарнасць і глыбокае спачуванне ахвярам злачынстваў і іх сем’яў, біскупы ЗША «прызнаць чалавечую годнасць людзей, якія ўчынілі злачынства, таму што нават калі тыя павінны аплаціць свае даўгі перад грамадствам, ім павінна быць аказана спачуванне і міласэрнасць».
У сумеснай заяве прапануюцца чатыры практычныя рэкамендацыі: маліцца аб ахвярах злачынстваў, аб прыгавораных да смяротнага пакарання і аб працаўніках судовых органаў; знаходзіцца побач з сем’ямі загінуўшых, несучы ім любоў і спачуванне Хрыста; асвойваць вучэнне Касцёла аб смяротным пакаранні і папулярызаваць яго ў грамадстве; і, нарэшце, заклікаць палітыкаў да адпаведных дзеянняў па абароне грамадства і адмене смяротнага пакарання.
«Як хрысціяне, - гаворыцца ў заяве, - мы пакліканы супрацьстаяць культуры смерці, сведчачы аб чымсьці большым і больш дасканалым: аб Евангеллі жыцця, надзеі і міласэрнасці».
Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|