Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адышоў у вечнасць кардынал Уільям Баўм
25.07.2015 16:09

23 ліпеня ва ўзросце 88 гадоў пасля доўгай хваробы адышоў у вечнасць амерыканскі кардынал Уільям Уэйкфілд Баўм, былы прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі і Вялікі пэнітэнцыярый.

Іерарх нарадзіўся 21 лістапада 1926 г. у Даласе (ЗША). Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння займаўся душпастырскай дзейнасцю ў роднай дыяцэзіі, а таксама працаваў у мясцовай курыі. Будучы гарачым прыхільнікам збліжэння паміж хрысціянамі, атрымаў запрашэнне прыняць удзел у Другім Ватыканскім Саборы. З 1960-х гадоў быў старшынёй Камітэта па экуменізму пры Канферэнцыі Біскупаў ЗША, а затым адпаведнай Камісіі.

У 1970 г. атрымаў біскупскую сакру, праз тры гады стаў арцыбіскупам Вашынгтонскім. У 1980 г. быў прызначаны на пасаду прэфекта Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, а ў 1990 г. – Вялікага пэнітэнцыярыя, на якой знаходзіўся да 22 лістапада 2001 г.

У спачувальнай тэлеграме Папа Францішак з удзячнасцю адзначыў служэнне памерлага іерарха і запэўніў у малітве аб вечным супакоі для яго.

Пасля смерці кардынала Баўма Калегія кардыналаў складаецца з 220 іерархаў, з якіх 120 могуць удзельнічаць у выбарах Пантыфіка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.