З 1 жніўня міланскае аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” разам з архідыяцэзіяй і мясцовымі органамі ўлады пачне дабрачынную ініцыятыву “Cena sospesa” (вячэраў, аплачаных загадзя). Мэтай ініцыятывы стане дапамога найбольш бедным сем’ям горада.
Акцыя салідарнасці будзе заключацца ў тым, што ў дзясятках піцэрый, сталовак і рэстаранаў Мілана (Італія) кліенты, разлічваючыся за вячэру, змогуць пакінуць ахвяраванне на харчаванне для тых, хто не можа сабе гэтага дазволіць Сабраныя сродкі будуць ператвораны ў спецыяльныя ваўчары на суму 10 еўра кожны, якія, у сваю чаргу, можна будзе рэалізаваць у 4 тысячах супермаркетах, рэстаранах, піцэрыях і кафетэрыях па ўсім горадзе. Ваўчары паступяць да патрабуючых праз 171 цэнтр міланскага аддзялення “Карытас”.
Намеснік дырэктара дабрачыннай арганізацыі Лучано Гуальцэцці распавёў Ватыканскаму радыё, што з пачатку эканамічнага крызісу, г.зн. з 2007 года, колькасць людзей, якія звяртаюцца па дапамогу ў Амбразіянскі “Карытас”, павялічылася на 60%.
Ідэя гэтай акцыі салідарнасці з патрабуючымі ўзыходзіць да старажытнай неапалітанскай традыцыі, згодна з якой кліенты, расплочваючыся за адзін кубак кавы, плацяць за два, каб бедняка, які прыйдзе затым, змаглі пачаставаць бясплатна.
Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|