Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціяне Святой Зямлі маюць патрэбу ў пілігрымах
31.07.2015 17:47

Ва ўмовах рэзкага скарачэння колькасці пілігрымаў, якія прыязджаюць на Святую Зямлю, настаяцель мясцовай францішканскай супольнасці і кусташ Святой Зямлі айцец Пьербаціста Піцабала заклікаў хрысціян не пакідаць радзіму Езуса. Святар пераконвае, што месцы, якія наведваюць пілігрымы, з'яўляюцца бяспечнымі.

Звяртаючыся да паслядоўнікаў Хрыста ва ўсім свеце, кусташ сказаў, што на працягу доўгага часу памяншаецца колькасць пілігрымаў, якія наведваюць санктуарыі на Святой Зямлі. Прычынай такога стану рэчаў з’яўляюцца, верагодна, канфлікты на Блізкім Усходзе і тэрарыстычныя напады, за якія нясуць адказнасць групы ісламскіх фундаменталістаў.

Айцец Піцабала лічыць, аднак, што няма прычын, каб не арганізоўваць пілігрымак, бо акрамя таго, што святыя месцы сапраўды бяспечныя, мясцовыя хрысціяне больш чым калі-небудзь маюць патрэбу ў прысутнасці і падтрымцы сваіх адзінаверцаў з усяго свету, якія прыязджаюць, вызнаючы веру ў Езуса Хрыста і молячыся за мір.

Хрысціяне ў гэтым рэгіёне, дадаў святар, заўсёды былі меншасцю, але яркай і актыўнай; іх місія заключаецца ў сведчанні веры, любові і прыхільнасці да сваёй уласнай гісторыі і зямлі. Такім чынам, яны з’яўляюцца захавальнікамі Адкуплення і традыцыі ўсяго хрысціянскага свету, нагадаў кусташ. Айцец Пьербаціста Піцабала выказаў надзею, што ў бліжэйшы час шляхі, якімі хадзіў Езус, папоўняцца прысутнасцю шматлікіх пілігрымаў, якім не абыякава будучыня Яго зямной радзімы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.