Ідзе падрыхтоўка да першага падарожжа Папы Францішка ў Афрыку. На мінулым тыдні ватыканская дэлегацыя знаходзілася ў Бангі – сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, якая стане адной з трох краін кантынента, якія Святы Айцец наведае 27-29 лістапада. Дзвюма наступнымі будуць Уганда і Кенія.
“Для нас гэтая пілігрымка з’яўляецца сапраўдным благаслаўленнем”, - сказаў арцыбіскуп Бангі Дзьеданэ Нзапалаінга. Па словах іерарха, яго суайчыннікі чакаюць, што Папа прынясе ў гэтую краіну, якая зараз з цяжкасцю выходзіць з грамадзянскай вайны, патрэбныя дары спакою і прымірэння.
Пантыфік наведае, у прыватнасці, адзін з лагераў для бежанцаў і сустрэнецца з маладымі людзьмі.
Арцыбіскуп Нзапалаінга адзначыў, што ў падрыхтоўцы да візіту ўдзельнічаюць не толькі католікі, але і пратэстанты і мусульмане, якія таксама сустрэнуцца з Папам. Іерарх выказаў надзею, што на сустрэчы са Святым Айцом будзе прысутнічаць новы, дэмакратычна абраны Прэзідэнт краіны. Выбары пройдуць якраз перад прыездам Папы, 29-30 лістапада.
Чакаецца, што ў Цэнтральнаафрыканскую Рэспубліку прыбудуць прадстаўнікі суседніх краін, пацярпелых ад унутраных канфліктаў і барацьбы з ісламскім тэрарызмам, - такіх, як Чад, Камерун, Паўднёвы Судан і Дэмакратычная Рэспубліка Конга.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|