Украіна: рыма- і грэка-каталіцкія манаскія супольнасці збяруцца на агульны сход |
26.08.2015 12:05 |
З 14 па 18 верасня ў Львове з нагоды Года кансэкраванага жыцця, аб’яўленага ў Каталіцкім Касцёле, пройдзе агульны сход манахаў з усёй Украіны. Cабраць такі сход прыняла рашэнне Канферэнцыя вышэйшых мужчынскіх і жаночых настаяцеляў інстытутаў кансэкраванага жыцця Цэркваў ва Украіне. Сустрэча пад дэвізам «Евангелізацыйны супольны ўдзел кансэкраваных асобаў Рыма-Каталіцкага Касцёла і Грэка-Каталіцкай Царквы ва Украіне» распачнецца святой Імшой у лацінскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а скончыцца літургіяй у грэка-каталіцкім саборы св. Юрыя. Арганізатары зазначаюць, што агульны сход стане вельмі важнай падзеяй «будавання ўзаемных братэрскіх стасункаў паміж супольнасцямі кансэкраванага жыцця ў Касцёле». «Сумесная праца над арганізацыяй сустрэчы старшынь Канферэнцый вышэйшых настаяцеляў манаскіх супольнасцяў Еўропы, якая павінна была прайсці ва Украіне ў мінулым годзе, але не адбылася праз падзеі ў рэгіёне, паказала, што акрамя некаторых асаблівасцяў у жыцці і служэнні кансэкраванае жыццё Цэркваў рыма-каталіцкага і грэка-каталіцкага абрадаў мае шмат агульнага», — гаворыцца ў звароце, падпісаным старшынямі Канферэнцыі вышэйшых настаяцеляў мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў Украіны. (ils) |