Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«У Іраку для нас няма надзеі»: каталіцкі святар пра становішча хрысціян у рэгіёне |
26.08.2015 13:08 |
Пробашч каталіцкай парафіі ў іракскім горадзе Эрбілі кс. Дуглас Джозэф Шымпсан Аль-Базі ў інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму агенцтву SIR падкрэсліў, што ў Іраку пануе «чалавеказабойства».
Трагічнай з’яўляецца таксама сітуацыя людзей, якія за год да пачатку тэрору «Ісламскай дзяржавы» ўцяклі з Масула і даліны Нінівы на тэрыторыю курдаў. «Для іх адсутнасць якой бы ні было надзеі з’яўляецца больш адчувальнай, чым адсутнасць ежы ці медыцынскай дапамогі, — перадае словы святара са спасылкай на агенцтва SIR Каталіцкае агенцтва навін Польшчы. — У Іраку для нас няма надзеі». У мястэчку Аткава каля Эрбіля кс. Аль-Базі апякуецца двума лагерамі хрысціянскіх бежанцаў. «Людзі баяцца, што сённяшняя сітуацыя — гэта толькі пачатак, што будзе яшчэ горш. Мае людзі занепакоеныя тым, што ж будзе пасля “Ісламскай дзяржавы”», — сказаў святар, дадаўшы, што існуе сур’ёзная небяспека таго, што «наступнае пакаленне “Ісламскай дзяржавы” будзе яшчэ горшым». Каталіцкі святар з Ірака, які ў канцы жніўня быў запрошаны ў Італію рухам «Камунія і вызваленне сяброўства народаў», параўнаў «Ісламскую дзяржаву» з «мышанём, якое за кароткі час вырасла ў цмока». Святар дадаў, што «Ісламская дзяржава» — гэта тэрарыстычная арганізацыя, якая стварыла найлепшыя ўмовы для развіцця канфліктаў на Блізкім Усходзе паміж сунітамі і шыітамі. Атакі на хрысціян кс. Аль-Базі адчуў на ўласным прыкладзе. У мінулым годзе ў яго стралялі, а побач з касцёлам, у якім ён цэлебраваў Імшу, выбухнула бомба. У 2006 годзе яго выкралі і катавалі на працягу дзевяці дзён. (ils)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.