Так званыя «транссексуалы» не могуць быць хроснымі |
04.09.2015 19:56 |
Святы Пасад выдаў вердыкт, што так званыя «транссексуалы» не могуць быць хроснымі бацькамі, паколькі яны «жывуць у граху, парушаючы касцёльнае вучэнне». Касцёл не прызнае так званых «аперацый па змене полу», бо вонкавыя касметычныя змены ў выглядзе чалавека не адмяняюць таго, што ён мае той пол, з якім нарадзіўся. Біскуп Кадзіскі Рафаэль Зарноза-Бой (Іспанія) звярнуўся ў Ватыкан за тлумачэннем у сувязі са зваротам свайго парафіяніна Алекса Салінаса, 21-гадовага католіка, які нарадзіўся жанчынай, але пачаў лічыць сябе мужчынам. Алекс Салінас жадаў стаць хросным бацькам свайго пляменніка. У сваім паведамленні, размешчаным на парафіяльнай старонцы, біскуп Рафаэль Зарноза-Бой кажа пра «блытаніну думак сярод вернікаў» у трактоўцы касцёльнага вучэння па гэтым «складаным пытанні, якое прыцягвае пільную ўвагу прэсы». Менавіта таму біскуп звярнуўся за афіцыйным тлумачэннем у Кангрэгацыю Веравучэння. Святы Пасад вынес вердыкт аб тым, што асобы, якія называюць і лічаць сябе «трансгендэрнымі», не могуць быць хроснымі бацькамі, бо «іх стаўленне супрацьпастаўлена маральнаму імператыву, які патрабуе вырашаць праблему сексуальнай ідэнтычнасці на аснове праўды аб асабістай сексуальнасці».
«Абсалютна зразумела, што дадзеная асоба не адказвае патрабаванням для таго, каб быць хросным, — паведамляецца далей у вердыкце, — паколькі яна не жыве ў Хрыстовай веры і па свайму стану не можа быць хросным бацькам ці маці. Не трэба ўгледжваць дыскрымінацыю ў гэтым рашэнні, бо мы адзначаем толькі адсутнасць тых вартасцяў, якія неабходныя асобе для прыняцця на сябе касцёльнай адказнасці ў якасці хроснага бацькі». Выносячы вердыкт, кангрэгацыя саслалася пры гэтым на Папу Францішка, які пры розных нагодах і згодна з навучаннем Касцёла пацвярджаў, што такая самаідэнтыфікацыя супярэчыць прыродзе чалавека. У сваёй найноўшай энцыкліцы «Laudato si'» (пн. 155) Святы Айцец прыгадаў, што «“экалогія чалавека” азначае штосьці значна глыбейшае: неабходныя суадносіны чалавека з маральным правам, упісаным у яго прыроду, абавязковыя суадносіны, каб можна было стварыць больш годнае асяроддзе». Адзначаецца, што нельга маніпуляваць чалавечай прыродай «паводле свайго меркавання». Біскуп Рафаэль Зарноза-Бой падтрымаў гэты вердыкт: «Касцёл міласціва сустракае кожнага, жадаючы дапамагчы ўсім, хто прыходзіць да яго ў іх жыццёвых сітуацыях з глыбокім спачуваннем, але не адыходзячы пры гэтым ад праўды, якую яна абвяшчае і прапаноўвае кожнаму як шлях веры і ратавання, за якімі трэба ісці». Паводле christiantoday.com, deon.pl, (AYU) |