Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гонар бл. Оскара Рамэра названы астэроід
05.09.2015 16:52

У гонар бл. Оскара Арнульфа Рамэра-і-Гальдамеса, арцыбіскупа Сан-Сальвадора, забітага 35 гадоў таму, названы астэроід. Нябеснае цела, вядомае раней пад назвай «13703 (1998 OR13)», знаходзіцца ў так званым поясе астэроідаў – вобласці Сонечнай сістэмы, размешчанай паміж арбітамі Марса і Юпіцера.

Цяпер яно называецца: астэроід «13703 Romero».

Аб перайменаванні касмічнага аб’екта стала вядома з апошняга «Цыркуляра малых планет» (Minor Planet Circulars) – дакумента, які рыхтуецца штогадова пры садзейнічанні Міжнароднага астранамічнага саюза. Сайт Лабараторыі рэактыўнага руху (Jet Propulsion Laboratory) навукова-даследчанага цэнтра НАСА пацвярджае, што астэроід быў названы ў гонар сальвадорскага арцыбіскупа, абвешчанага благаслаўлёным сёлета.

Наданне нябеснаму целу імя Оскара Рамэра стала такім чынам спаўненнем метафары, якую прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэло Амата ўжыў падчас цырымоніі беатыфікацыі гэтага мучаніка і абаронцы бедных: «Яшчэ адна ззяючая зорка запалілася на амерыканскім духоўным небасхіле».

Астэроід, названы ў гонар сальвадорскага благаслаўлёнага, быў адкрыты бельгійскім астраномам Эрыкам Вальтэрам Эльстам у 1998 г. На сённяшні дзень дыстанцыя да яго складае каля 3457 астранамічных адзінак або 517 159 837 км.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.