Вера індыйскіх католікаў узмацнілася за 7 год пасля актаў індуісцкага тэрору |
07.09.2015 12:57 |
Хрысціяне ў Індыі на мінулым тыдні адзначылі сёмую гадавіну антыхрысціянскіх пагромаў у штаце Арыса малітвай за вернікаў, якіх забілі індуісцкія экстрэмісты, прымушаючы іх адмовіцца ад Хрыста. Арцыбіскуп Каттак-Бхубанесвара Джон Барва SVD адзначыў, што вера хрысціян Арысы толькі ўзмацнілася ў часы пераследу. Напады індуістаў 31 жніўня 2008 г. у штаце Арыса прывялі да гібелі прыкладна 100 хрысціян, яшчэ 56 000 вернікаў засталіся бяздомнымі з-за таго, што іх дамы былі атакаваны і разрабаваны. Каля 300 цэркваў і касцёлаў таксама былі спалены ці абрабаваны. Былі паведамленні таксама пра згвалтаванні індуістамі жанчын-хрысціянак. Як сказаў арцыбіскуп агенцтву Fides News, у гэтыя дні хрысціяне Індыі моляцца за ахвяр пагромаў і «падкрэсліваюць сваю агульную адданасць міру, справядлівасці і надзеі». «Вера хрысціян у Арысе узмацнілася», — дадаў іерарх. Многія з індусаў, якія пераходзяць у хрысціянства, належаць да ніжэйшай касты далітаў ці «недатыкальных», якіх індуісты лічаць амаль недачалавекамі. Для далітаў хрысціянства — шлях да роўнасці дзяцей Божых. «Гэтая дата таксама нагода падумаць пра прапаганду нецярпімасці з боку індуісцкіх экстрэмісцкіх арганізацый, пра тое, што іх ідэі пранікаюць у дзяржаўныя органы, паліцыю і суды, расцярушваючы каштоўнасці справядлівасці, роўнасці і секулярызму, замацаваныя ў індыйскай канстытуцыі», — сказаў актывіст руху за правы чалавека Джагадзіш Дж. Чандра. Хрысціяне дагэтуль чакаюць пакарання падаўляючай большасці злачынцаў – за сем год суды прынялі рашэнні толькі па 2 з 27 адкрытых крымінальных спраў за забойствы. «Кожны дзень мы пакліканы бачыць Хрыста ў радасці пакуты ў Ягонае Імя. Пасля пагромаў я быў у кожным кляштары, сустракаўся з кожным кіраўніком парафіі і ўсімі святарамі, і чуў толькі адно: “Арцыбіскуп, усе нашы дамы знішчаныя, нашы цэрквы знішчаныя, нашы блізкія забітыя, аднак тыя, хто пераследуе нас, не могуць зрабіць аднаго — яны не могуць аддзяліць Хрыста ад нас"», — сказаў арцыбіскуп Барва. Christian Post (АлГ) |